BE RU EN

Салаўёў і Скабеева змянілі рыторыку ў адрас Украіны

  • 25.11.2026, 16:22

Пасля серыі новых удараў па флоце РФ.

Расійская прапаганда прыкметна скарэктавала і змяніла рыторыку ў дачыненні да Украіны і цяпер заяўляе, што Кіеў перанёс вайну супраць Расіі ў Афрыку, а таксама цалкам кантралюе Еўропу.

Пасля ўдараў украінскіх марскіх дронаў па расійскіх караблях у Балтыйскім і Міжземным морах вядучая Альга Скабеева падчас эфіру праграмы «60 хвілін» заявіла, што ЗСУ адкрылі «два новыя тэатры ваенных дзеянняў» супраць Расіі. Уладзімір Салаўёў падтакнуў, што «Украіна кантралюе Еўропу». Відэа з іх эфіраў разышліся ў Сеціве, піша «Диалог.UA».

Гадамі расійскае тэлебачанне пераконвала гледачоў, што Украіна толькі выконвае загады Захаду. Цяпер яна, паводле версіі прапагандыстаў, сама пагражае палове планеты.

«Мы пачынаем з тэрміновых навін. Кіеўскі рэжым вырашыў маштабаваць вайну адразу і на Еўропу, і на Афрыку, акрамя непасрэдна Украіны. У ЗСУ з'явіліся яшчэ два тэатры ваенных дзеянняў. Гэта Балтыйскае мора і Міжземнае. Сам Зяленскі, вядома ж, марыць весці вайну на ўсёй планеце. Дыктатара, відаць, спыніць немагчыма», — заявіла Скабеева.

Салаўёў пайшоў яшчэ далей.

«Еўропа не кантралюе Украіну. Украіна кантралюе Еўропу. Так і ёсць. Дэ-факта Украіна кантралюе Еўропу», — сказаў ён у эфіры.

Новая рыторыка з'явілася пасля серыі ўкраінскіх удараў па расійскіх суднах далёка ад фронту. У лівійскім Бенгазі марскія дроны патапілі карвет «Меркурый», якім Уладзімір Пуцін хваліўся на парадзе ВМФ, і ўразілі каля берагоў Лівіі грузавое судна.

У Балтыйскім моры загарэлася судна «Спарта II» кампаніі «Абаронлагістыка», а каля берагоў Фінляндыі быў атакаваны яшчэ адзін расійскі грузавы карабель. Паводле дадзеных The Financial Times, расійскаму флоту цяпер практычна няма дзе схавацца.

Апошнія навіны