У Беларусі хочуць адрадзіць знакаміты курорт XIX стагоддзя
- 25.11.2026, 16:29
Калісьці слава пра ягоныя гаючыя крыніцы грымела на ўсю Еўропу.
У Беларусі хочуць даць другое жыццё знакамітым «Лазенкам» у Браслаўскім раёне. Гэтую здравніцу яшчэ ў XIX стагоддзі адкрылі дваране Мінейкі, якія валодалі маёнткам у вёсцы Відзы-Лаўчынскія.
Цяпер тут плануюць стварыць буйны турыстычны комплекс з аздараўленчым ухілам, паведамляе выданне «Браслаўская звязда». Архітэктурную канцэпцыю будучага курорта ўжо прадставілі спецыялісты інжынірынгавай кампаніі «Квант-Праект».
Чым унікальнае гэтае месца
Браслаўскія «Лазенкі» — адна з першых водалячэбніц у Беларусі. У XIX стагоддзі слава пра гаючыя ўласцівасці яе серавадародных крыніц грымела на ўсю Еўропу.
У мінулым стагоддзі здравніца заняпала, аднак прыродная крыніца «Лазенкі» захавалася да нашых дзён. Сучасныя даследаванні пацвярджаюць, што яе вада і цяпер валодае высокім лячэбным патэнцыялам. А гэта адкрывае добрыя перспектывы для развіцця аздараўленчага турызму.
Якія перамены чакаюць «Лазенкі»
Пад маштабны турыстычны аб’ект плануюць адвесці 13,8 га. Адпачываць і папраўляць здароўе тут можна будзе цэлы год.
Сэрцам комплексу стане старадваўні сядзібны дом на беразе возера Дворнае. Будынак канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя плануюць адрэстаўраваць, максімальна захаваўшы яго гістарычнае аблічча. Унутры абсталююць дзесяць гасцінічных нумароў і размесцяць музейныя экспазіцыі. Для гасцей таксама ўладкуюць басейн, спа, кафэ і іншыя аб’екты для адпачынку.
Усю тэрыторыю падзеляць на чатыры зоны: сядзібную, гасцінічную, ландшафтна-паркавую і экскурсійна-вытворчую.