Беларускіх школьнікаў агітуюць ісці працаваць у ЛПП
- 25.11.2026, 17:49
Агітацыйныя мерапрыемствы праходзяць у розных гарадах краіны.
Начальнік штаба лячэбна-працоўнага прафілакторыя № 4 Леанід Вялічынскі 19 і 20 лістапада праводзіў сустрэчы з навучэнцамі Віцебскага каледжа электратэхнікі і расказваў пра працу ў гэтай установе, на што звярнуў увагу тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
Прадстаўнік ЛПП расказаў падлеткам пра структуру ўстановы, спецыфіку працы ў ёй, рэжым і ўнутраны распарадак, а таксама пра «спецкантынгент», а менавіта пра крытэрыі прымусовага накіравання на ізаляцыю ў прафілакторый грамадзян, якія пакутуюць ад алкагалізму.
MAYDAY звяртае ўвагу, што Вялічынскі, у адрозненне ад супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў, СІЗА і калоній, якія прыходзяць у школы і каледжы, вёў размову ў грамадзянскім адзенні.
У верасні–кастрычніку супрацоўнікі віцебскага ЛПП № 4 рэгулярна праводзілі прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў школах горада. Так, у школах № 3, № 47, у аграгарадку Альгова і шэрагу іншых адзінаццацікласнікаў агітавалі ісці працаваць у сістэму Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
У Віцебску таксама знаходзіцца ЛПП № 9 для жанчын. Яго прадстаўнік на пачатку лістапада правёў прафарыентацыйную сустрэчу з дзяўчатамі, якія вучацца на чацвёртым курсе Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.
У іншых рэгіёнах у лістападзе падобныя мерапрыемствы праводзіліся ў школе № 1 у Мар’інай Горцы, куды прыязджалі прадстаўнікі адміністрацыі ЛПП № 6 з Дзяржынска.