Швейцарыя верне Узбекістану больш за $250 млн, якія належалі дачцэ экс-прэзідэнта Карымава
- 25.11.2026, 21:29
Сродкі накіруюць на развіццё аховы здароўя і адукацыі.
Узбекістан і Швейцарыя дамовіліся пра вяртанне чарговай часткі канфіскаваных у Швейцарыі актываў Гульнары Карымавай, старэйшай дачкі экс-прэзідэнта рэспублікі Іслама Карымава. Пра гэта паведамляе Міністэрства эканомікі і фінансаў краіны.
Гаворка ідзе пра вяртанне незаконна выведзеных з краіны $252,5 млн. Удакладняецца, што сродкі накіруюць на развіццё аховы здароўя і адукацыі праз траставы фонд «Ішонч – 2030».
Пагадненне было падпісана напярэдадні, 24 лістапада, намеснікам міністра эканомікі і фінансаў Узбекістана Атабекам Фазілкарімавым, паслом Швейцарыі ў краіне Сімонай Гігер і пастаяннай каардынатаркай ААН у рэспубліцы Сабінай Махл.
У міністэрстве ўдакладнілі, што ў межах другога этапу стратэгіі размеркавання грашовых сродкаў прадугледжаны механізм вяртання актываў і іх выкарыстання для прыярытэтных сацыяльных праграм.
Карымава — старэйшая дачка Іслама Карымава, які ўзначальваў Узбекістан з 1989 па 2016 год. Зараз яна знаходзіцца на радзіме ў зняволенні. У 2015 годзе яе прызналі вінаватай судом Узбекістана ў вымагальніцтве і ўхіленні ад сплаты падаткаў, за што яна атрымала пяць гадоў зняволення. У 2017 годзе Карымавай дадалі яшчэ пяць гадоў пакарання, якія да 2019 года яна адбывала дома. У 2020-м дачку экс-прэзідэнта прызналі вінаватай па справе аб вымагальніцтве і крадзяжах, дадаўшы яшчэ 13 гадоў і чатыры месяцы турмы.