У Мінску будзе больш платных стаянак
- 25.11.2026, 23:17
А для іншагародніх вадзіцеляў праезд у метро могуць зрабіць бясплатным.
Да канца года колькасць платных стаянак у Мінску павялічыцца, паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл Філіпаў падчас прэс-канферэнцыі 25 лістапада.
Зараз у сталіцы дзейнічаюць 98 платных стаянак. Да канца года іх колькасць павялічаць да 105.
Неабходнасць платных стаянак абумоўліваецца перанасычанасцю цэнтра Мінска транспартам.
«Каб чалавек мог прыехаць у цэнтральную частку горада, яму трэба прадаставіць такую магчымасць. Прыязджаючы ў офісы, як правіла, супрацоўнікі займаюць такое паркавальнае месца на 8-гадзінны працоўны дзень. І ўсе імкнуцца прыехаць у цэнтр. Адпаведна, мы павінны забяспечыць чалавека гэтым месцам. Для гэтага і ўводзіцца платнасць», — адзначыў Міхаіл Філіпаў.
Спікер дадаў, што ў Мінску думаюць над тым, як стымуляваць аўтамабілістаў з іншых гарадоў пакідаць машыны на перахопных стаянках пры ўездах у сталіцу і перасаджвацца на грамадскі транспарт.
Разглядаюцца розныя варыянты: бясплатная стаянка пры платным праездзе на грамадскім транспарце або бясплатнае метро пры аплаце стаянкі па фіксаваным тарыфе, напрыклад 25 капеек.