Лекары назвалі найлепшы сок на сняданак для ўмацавання здароўя
- 26.11.2026, 9:43
Ён паляпшае працу ўнутраных органаў і забяспечвае каштоўнымі вітамінамі.
Шмат хто прывык піць на сняданак апельсінавы сок, але ёсць напой значна карыснейшы — ён паляпшае працу ўнутраных органаў і забяспечвае каштоўнымі вітамінамі.
Раніца, пачатая са шклянкі таматнага соку, можа стаць не проста смачным рытуалам, а сапраўдным падарункам для здароўя. Гэты напой не толькі запускае стрававальныя працэсы, але і забяспечвае арганізм моцнай дозай вітамінаў і антыаксідантаў, неабходных для паўнавартаснай працы ўсіх сістэм.
Пра гэта паведамляе сайт The Mirror.
Чаму таматны сок карысны
Адна з галоўных прычын, чаму таматны сок так высока цэніцца, — яго здольнасць зніжаць узровень «дрэннага» халестэрыну. Акрамя таго, ён дапамагае абараніцца ад шэрагу хранічных захворванняў — дзякуючы высокаму змесціву лікопіну.
Паводле даных даследчыкаў з Універсітэта Ілінойса, лікопін — гэта пігмент, які надае памідорам іх характэрны чырвоны колер. Але, апроч гэтага, ён мае выяўленыя антыаксідантныя ўласцівасці: дапамагае клеткам супрацьстаяць пашкоджанням, выкліканым дзеяннем свабодных радыкалаў — малекул, звязаных з заўчасным старэннем і развіццём захворванняў.
Як тлумачыць дыетолаг Эдвард Джаванучы з Гарвардскай школы грамадскага здароўя, малекулярная структура лікопіну дазваляе яму эфектыўна нейтралізаваць свабодныя радыкалы, памяншаючы запаленчыя працэсы ў арганізме і падтрымліваючы здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Назіранні паказваюць, што рэгулярнае ўжыванне таматнага соку — хаця б чатыры разы на тыдзень на працягу двух месяцаў — спрыяе зніжэнню ўзроўню ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці, то бок «дрэннага» халестэрыну. Гэта зніжае рызыку развіцця атэрасклерозу, інфаркту і інсульту.
Калі варта адмовіцца ад таматнага соку
Нягледзячы на ўражальную карысць, таматны сок падыходзіць не ўсім. Ёсць станы, пры якіх ад яго ўжывання лепш устрымацца:
Захворванні страўнікава-кішачнага тракту, такія як гастрыт з павышанай кіслотнасцю, язва страўніка або панкрэатыт. Кіслое асяроддзе соку можа раздражняць слізістую абалонку.
Праблемы з ныркамі, асабліва пры парушэннях вадна-салявога абмену і высокім узроўні калію — таматны сок утрымлівае яго ў залішняй колькасці.
Алергія на памідоры — рэакцыя можа быць даволі моцнай.
Каменні ў жоўцевай бурбалцы або нырках — сок здольны стымуляваць адток жоўці, што ў асобных выпадках можа справакаваць прыступ.
Гіпертэнзія — асабліва важна пазбягаць салёнага таматнага соку, бо ў ім можа ўтрымлівацца вялікая колькасць натрыю. Лепш выбіраць несалёны варыянт.
Такім чынам, пры адсутнасці супрацьпаказанняў таматны сок можа стаць выдатным дадаткам да рацыёну, які ўмацоўвае здароўе і падтрымлівае добрае самаадчуванне.
п на 9.43, калі ласка