У Быхаве адкрылі дзіўны помнік жанчыне-маці
- 8.11.2026, 17:48
Мясцовыя ўлады назвалі манумент «глыбока сімвалічнай падзеяй».
У Беларусі 6 лістапада адкрылі чарговую скульптурную кампазіцыю да Года беларускай жанчыны — гэтым разам у Быхаве Магілёўскай вобласці, звярнуў увагу «Белсат». Мясцовыя ўлады з гонарам паведамілі пра адкрыццё, але твор выглядае дзіўна.
Скульптура «Жанчыне-маці» размешчана ў гарадскім парку 60-годдзя вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна адлюстроўвае маці і сына ў традыцыйным адзенні сялян пачатку XX стагоддзя.
«Унікальны манумент, прысвечаны самаму роднаму чалавеку — маме. Няхай гэтая скульптурная кампазіцыя часцей нагадвае кожнаму з нас у штодзённай мітусні спыніцца і сказаць простае, але такое важнае „Дзякуй!“ сваёй маме», — піша раённая газета «Маяк Прыдняпроўя», называючы гэта «глыбока сімвалічнай падзеяй».
Згодна з паведамленнем выдання, манумент — «вынік маштабнай сумеснай працы і шчырай ініцыятывы жыхароў нашага раёна». Яго ўсталявалі па ініцыятыве грамадскіх арганізацый раёна і моладзевага савета пры райсавеце дэпутатаў. Сродкі на скульптуру выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Наводзіць парадак у парку і рыхтаваць пляцоўку камунальнікам дапамагалі «актывісты і ініцыятыўная моладзь».