Сілы абароны Украіны паразілі два караблі і два самалёты ў Крыме
- 21.02.2026, 18:46
Украіна нанесла серыю ўдараў па тэхніцы і аб’ектах расійцаў.
Сілы абароны Украіны нанеслі серыю ўдараў па тэхніцы і аб’ектах расійцаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Паражаныя два караблі, два самалёты і цяжкая рэактыўная сістэма залпавага агню. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб ЗСУ.
«У межах сістэмнай працы па зніжэнні баявых магчымасцей дзяржавы-агрэсара Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць удары па ваенных аб’ектах і тэхніцы расійскага агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях (ЧАТ) Украіны», — сказана ў паведамленні.
У прыватнасці, у ноч на 21 лютага на часова акупаванай тэрыторыі Крыму ў раёне Інкермана паражаныя два пагранічныя вартавыя караблі праекта 22460 «Ахотнік». Таксама дроны паразілі на тэрыторыі авіярамонтнага завода ў Еўпаторыі два супрацьлодкавыя самалёты Бе-12.
У раёне населенага пункта Астраханка на ЧАТ Запарожскай вобласці дроны Сіл абароны знішчылі рэактыўную сістэму залпавага агню «Торнада-С» расійцаў.
«Страты праціўніка і канчатковыя маштабы нанесенай шкоды ўдакладняюцца. Сілы абароны Украіны працягваюць сістэмна зніжаць баявы патэнцыял агрэсара, пазбаўляючы яго магчымасці весці наступальныя дзеянні», — дадалі ў Генштабе ЗСУ.