Беларуская сям'я з пяццю дзецьмі трапіла ў рэанімацыю пасля супу з грыбамі
- 22.02.2026, 15:42
Суп на вячэру быў прыгатаваны ў Ваўкавыскім раёне.
У Ваўкавыскім раёне на гэтым тыдні ў прыёмнае аддзяленне мясцовай бальніцы паступіла сям'я з сямі чалавек — двое дарослых і пяцёра дзяцей ва ўзросце ад 4 да 12 гадоў. Прычынай шпіталізацыі стала атручванне грыбамі, піша «Наш час».
Як высветлілася, напярэдадні ўвечары ўдома быў прыгатаваны суп з даданнем здробненых грыбоў, меркавана махавікоў і падбярозавікаў. Праз некалькі гадзін пасля вячэры ўсім, хто еў страву, стала кепска. У пацярпелых з'явіліся болі ў жываце, млоснасць і ваніты.
Сям'ю тэрмінова даставілі ў медыцынскую ўстанову і шпіталізавалі ў аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі. Паводле звестак лекараў, дзякуючы своечасоваму звароту па медыцынскую дапамогу цяжкіх наступстваў удалося пазбегнуць.