ДАІ папрасіла вадзіцеляў падняць сядзенні і ўзяць у дарогу адзін аксэсуар
- 1.03.2026, 18:55
Можа, ужо пара мяняць шыны?
У ДАІ напярэдадні вясны папрасілі беларускіх вадзіцеляў улічыць адразу некалькі новых небяспек. І гаворка не пра аленяў на дарогах (хоць і яны нясуць пэўную пагрозу). Вось спіс фактараў, пра якія аўтааматары маглі падзабыць за зіму, але якія вельмі важна ўлічваць вясной.
«Памятайце, што з надыходам цяпла на дарогах з’яўляюцца веласіпедысты і аматары сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ)», — паведамілі ў Дзяржаўтаінспекцыі, відавочна на нешта намякаючы.
Але сакрэту тут няма: многія вадзіцелі ведаюць, што пешаходы на дарогах асабліва небяспечныя з-за вясновага яркага сонца, якое можа асляпіць чалавека за рулём. А гэта значыць, што трэба трымаць чыстымі шыбы аўтамабіляў і не толькі.
«Рэкамендуецца падымаць вышэй сядзенні і апускаць сонцазаслонкі, карыстацца сонечнымі акулярамі. Не забывайце, што мокрае дарожнае палатно адлюстроўвае сонечнае святло, як люстэрка», — параілі ў ДАІ.
Вядома, у выпадку асляплення вадзіцелям трэба вельмі плаўна знізіць хуткасць да бяспечнай, магчыма, нават спыніцца на ўзбочыне.
А што ж з зімовымі шынамі?
Дарэчы, з 1 сакавіка паводле закону беларускія вадзіцелі маюць поўнае права паехаць на шынамантаж і паставіць летнія шыны. Аднак у ДАІ папрасілі не спяшацца.
«Нягледзячы на тое, што з 1 сакавіка дазволена перамяшчацца на летніх шынах, Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе не спяшацца з іх заменай. У выпадку ападкаў або сырога надвор’я з мінусавай тэмпературай зімовыя шыны значна лепш справяцца са сваімі функцыямі», — лічаць у Дзяржаўтаінспекцыі.