«Ваенныя бачаць, што ў Лукашэнкі ступень параноі зашкальвае»
- 10.04.2026, 9:07
Кіраўнік кажа, што на яго ўжо гатовыя нападаць.
На нядаўнім падвядзенні вынікаў комплекснай праверкі Узброеных Сіл кіраўнік заявіў, што «добра ведае», пра што яны гавораць. Маўляў, яму «дакладуць, як трэба, і ўсё будзе нармальна». Аднак Лукашэнка папярэдзіў вайскоўцаў, што не будзе падладжвацца пад іх — наадварот, гэта яны павінны падладжвацца пад яго ў «будучай вайне».
— Ён займаецца праслухоўкай свайго апарату, называючы гэта «маніторынгам грамадскіх настрояў», — адзначыў аналітык Сяргей Чалы на «Белсаце». — Гэтыя фразы Лукашэнкі азначаюць, што ўнутры з ім далёка не ўсе згодныя і нават ёсць хтосьці, гатовы выказваць меркаванне, якое з ім не супадае.
Вайскоўцы бачаць, што ў Лукашэнкі пасля Мадуры і ўсяго гэтага ступень параноі зашкальвае. Ён выдае свае фантазіі пра тое, як на яго будуць нападаць: маўляў, зайдуць малымі мабільнымі групамі (ён мае на ўвазе прыклад Белгарадскай і Курскай абласцей РФ), а потым нібыта аб’яднаюцца і выберуць асноўны кірунак удару.
Кіраўнік кажа, што на яго ўжо гатовыя нападаць, а яму адказваюць: ды супакойся, няма на гэта ніякіх пацвярджанняў.
На нарадзе Лукашэнка размаўляе з вайскоўцамі ў духу: «Хопіць, падпарадкоўвайцеся ж мне, нарэшце». Ён кажа, што «заігрыванняў з падначаленымі не дазволіць».
Тут можна ўспомніць былога губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Субоціна. За што Лукашэнка яго звольніў? За тое, што пры праслухоўцы стала зразумела, што ён сваім падначаленым сказаў нешта кшталту: «Я паеду на нараду да Лукашэнкі, ён там, як заўсёды, будзе тупаць нагамі, грукаць рукамі, потым я да вас прыеду і будзем працаваць, як трэба».
То-бок задача Субоціна была прыкрываць падначаленых ад начальніцкага гневу. Фактычна за гэта яго звольнілі, а не за вынікі ягонай працы. Лукашэнка нават крыўдзіўся, што яго праводзілі апладысментамі. Бо яго так ніхто праводзіць не будзе.
Увогуле, мы бачым, што кіраўнік настолькі дастаў свой апарат, што ёсць не проста бурчанне, але і супрацьдзеянне.
І тое, што ён пастаянна паўтарае «вось будуць прэзідэнцкія выбары — вызначыцеся», азначае, што ён пасылае сігнал чыноўніцтву, ім незадаволенаму. Маўляў, у 2030-м будзеце гаварыць, а цяпер сядзіце і цярпіце мяне. Хаця дапускаю, што да 2030-га ён уцячэ куды-небудзь.
Лукашэнка дрыжыць і кажа: маўляў, на жаль, сітуацыя такая, што без вайсковых ён ваяваць не зможа. То-бок, «абароніце мяне, мне страшна».
Аналітык таксама звярнуў увагу на загад Лукашэнкі вайскоўцам часцей змяняць месцы засяроджвання.
— То-бок, як ён збіраецца ваяваць? Віляць, як заяц, замятаць сляды. Так ён уяўляе сабе супраціў: абы толькі выжыць асабіста яму. Уяўляеце, у якім пекле жыве чалавек, калі на яго з усіх бакоў нападаюць?