Мікалай Статкевіч змог вярнуць свой пашпарт
- 13.04.2026, 10:52
Дакумент знайшоўся ў СІЗА №1 разам з турэмнымі рэчамі.
Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч у тэлеграме паведаміў, што вярнуў сабе пашпарт.
«Нарэшце ўдалося адшукаць мой пашпарт. Чамусьці — у Мінску, у СІЗА-1. Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх — «судовы» прысуд і рашэнне «апеляцыйнай інстанцыі». Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў або следчых. Ёсць таксама рашэнне «суду», якое забараняе мне пакідаць краіну і (які жах!) наведваць казіно», — напісаў палітык.
Нагадаем, увечары 19 лютага стала вядома, што выйшаў на волю палітвязень Мікалай Статкевіч. У лідара апазіцыі, як паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, быў інсульт, цяпер ён аднаўляецца.
11 верасня рэжым Лукашэнкі вызваліў і дэпартаваў з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Пэўны час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым напрамку вывезлі людзі ў масках. Доўгі час было невядома, дзе ён знаходзіцца.
У 2021 годзе Мікалая Статкевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».
З пачатку ліпеня 2022 года, з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, лідара беларускай апазіцыі трымалі ў максімальна жорсткіх умовах: утрымлівалі ў адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікалай Статкевіч некалькі разоў перахварэў на COVID-19.