Беларускае «Магілёўэнерга» прайграла спрэчку з Siemens Energy
- 13.04.2026, 11:36
Суд адхіліў пазоў на адзін мільён фунтаў стэрлінгаў.
Расійскі Арбітражны суд Пецярбурга і Ленінградскай вобласці адхіліў просьбу «Магілёўэнерга» ўключыць у рэестр патрабаванняў крэдытораў кампаніі «Нефтегаз і энергетыка» («даччына кампанія» Siemens Energy) 1 млн фунтаў стэрлінгаў.
Як піша «Дзелавы Пецярбург», у 2020 годзе «Магілёўэнерга» заключыла дамову з «Нефтегаз і энергетыка» па доўгатэрміновым (на 2021–2025 гады) тэхабслугоўванні і рамонце газатурбіннай устаноўкі Siemens Energy на Магілёўскай ЦЭЦ-3. Кошт дамовы складаў 4,37 млн фунтаў стэрлінгаў.
У межах гэтай дамовы «Нефтегаз і энергетыка» абавязалася правесці рамонт газатурбіннага рухавіка, кошт якога — 1 млн фунтаў стэрлінгаў, на пляцоўцы Siemens (Вялікабрытанія). У чэрвені 2022 года рамонтныя работы былі завершаны, «Нефтегаз і энергетыка» іх аплаціла. А вось «Магілёўэнерга» з падрадчыкам не разлічылася, як вынікае з матэрыялаў справы. Пры гэтым абсталяванне заказчыку пастаўлена не было з-за санкцый ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі, што забараняюць экспарт/імпарт газатурбіннага абсталявання.
У жніўні 2024 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці па пазове «Магілёўэнерга» абавязаў «Нефтегаз і энергетыка» выканаць рамонт рухавіка і даставіць яго на Магілёўскую ЦЭЦ-3. Да гэтага моманту пецярбургскую кампанію прызнаў банкрутам Арбітражны суд Пецярбурга і Ленінградскай вобласці. У межах працэдуры «Магілёўэнерга» заявіла патрабаванне аб уключэнні ў рэестр патрабаванняў крэдытораў «Нефтегаз і энергетыка» 1 млн фунтаў стэрлінгаў — кошт абсталявання.
Аднак арбітраж адмовіўся задаволіць патрабаванне беларускай кампаніі. На сёння з Беларусі знятыя асобныя санкцыйныя абмежаванні, таму ў «Магілёўэнерга» няма перашкод вяртанню абсталявання непасрэдна з замежнага завода, які выконваў рамонт рухавіка, як палічылі ў судзе.
Праўда, «Магілёўэнерга» яшчэ можа абскардзіць адмоўнае вызначэнне пецярбургскага арбітражу. Аднак, як адзначаюць эксперты, у дадзеным выпадку пераспектыва скасавання судовага акта надзвычай нязначная.
Яны лічаць, што «Нефтегаз і энергетыка» ў спрэчнай сітуацыі дзейнічала дабрасумленна, перадала абсталяванне на завод для рамонту, аплаціла рамонтныя работы, і крэдытор не панёс негатыўных наступстваў менавіта ў выніку дзеянняў самога падрадчыка.