Літва ўзмацняе супрацьпаветраную абарону сістэмай NASAMS
- 13.04.2026, 13:27
Новая батарэя ўзмоцніць абарону ад дронаў і ракет.
Ваенна-паветраныя сілы Літвы пачалі атрымліваць кампаненты нарвежскай сістэмы супрацьпаветранай абароны сярэдняй далёкасці NASAMS, паведамляе LRT.
Часткі сістэмы NASAMS пачалі паступаць у Літву напрыканцы мінулага тыдня. Вайскоўцам перадалі ракетныя пускавыя ўстаноўкі, цэнтры кіравання агнём, радары і іншае абсталяванне. На гэтай аснове будзе сфармавана новая батарэя супрацьпаветранай абароны, якая «значна ўзмоцніць наяўныя на сёння сілы супрацьпаветранай абароны гэтага тыпу».
NASAMS — гэта сістэма супрацьпаветранай абароны сярэдняй далёкасці, якая вырабляецца ў Нарвегіі і здольная знішчаць самалёты, верталёты, беспілотныя лятальныя апараты і крылатыя ракеты на адлегласці ў некалькі дзесяткаў кіламетраў.
Літва пачала выкарыстоўваць гэтае ўзбраенне ў 2020 годзе. Краіна замовіла другую батарэю NASAMS яшчэ ў 2023 годзе, яе поўную інтэграцыю плануецца завяршыць да канца гэтага года.
«Новая батарэя NASAMS дазволіць больш эфектыўна ажыццяўляць назіранне і абарону паветранай прасторы, павялічыць хуткасць рэагавання і забяспечыць больш шырокі ахоп ахоўваемай тэрыторыі», — паведамілі ў Узброеных сілах Літвы.