BE RU EN

«Святары былі ў шоку ад дзеянняў Лукашэнкі»

  • 13.04.2026, 14:12

Святар распавёў, як дыктатар парушае царкоўныя традыцыі.

На праваслаўны Вялікдзень дыктатар Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка наведаў храм Святога Мікалая Цудатворцы ў аграгарадку Еўдакімавічы Шклоўскага раёна. Ён сказаў, што яго самае любімае «дзеянне» ў храме — паставіць свечку. Але, паводле сваёй традыцыі, Лукашэнка не жагнаўся.

Святар Аляксандр Шрамко узгадаў, як Лукашэнка ўпершыню прыйшоў у храм, а затым пачаў выкарыстоўваць гэтае месца для сваіх заяваў.

— Гэта нейкая эксклюзіўная штука. Я нават памятаю, як складвалася гэтая традыцыя. Я заспеў, калі Лукашэнка ўпершыню прыйшоў у храм — гэта быў 1995 або 1996 год. Ён адчуваў сябе не ў сваёй абстаноўцы, трошкі саромеўся, са ўсімі вітаўся і кланяўся, — успамінае святар у эфіры «Звычайнага ранку».

— Потым неяк мітрапаліт Філарэт даў яму слова — так Лукашэнка пачаў патроху гаварыць.

Спачатку гаварыў збоку. А потым, памятаю, прыходзіць настаяцель і распавядае: у цэнтры храма паклалі для епіскапа арлец — гэта такі дыванок для набажэнства. Лукашэнка падумаў, што гэта, відаць, для яго: стаў на яго і пачаў гаварыць.

З таго часу так і пайшло. Гэта ўжо лічыцца нармальным. Але калісьці святары былі ў шоку: стаў перад царскімі варотамі і вяшчае. Так не прынята. Але Лукашэнка, як бачыце, вышэй за гэта. Ён жа свайго роду князь ці кароль.

Гэта парушэнне прынятых нормаў. Усё ж нават святар, калі становіцца каля царскіх варот, прадстаўляе не сябе. А калі проста чалавек так становіцца і пачынае вяшчаць — тым больш, што Лукашэнка заўсёды выкарыстоўвае гэтую трыбуну для сваіх заяваў.

Таксама бачна яго нецаркоўнасць: ніколі не жагнаецца. Акрамя таго, раней не было традыцыі ставіць велікодную свечку. Насамрэч гэта выдуманая рэч — яе прыдумаў мітрапаліт Філарэт, каб быў нейкі рытуал. Няма такой традыцыі — ставіць свечку на Вялікдзень.

Апошнія навіны