Беларусы хочуць свабоды
- Аляксандр Класкоўскі
- 13.04.2026, 15:02
Таму Лукашэнку больш даспадобы паўночныя карэйцы.
Нават на Вялікдзень Аляксандр Лукашэнка не прамінуў папракнуць беларусаў, што яны не надта старанна працуюць. У прыклад жа былі пастаўлены паўночныя карэйцы.
Наведваючы 12 красавіка царкву на Шклоўшчыне, аўтакрат выказаўся пра забеспячэнне вяскоўцаў жыллём: «Трэба будаваць для іх жыллё, арэнднае жыллё, каб яны нараджалі людзей. Каб працавалі свае людзі, а не з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Хаця там вельмі працавітыя людзі. Я, калі пабываў там, думаю: калі б мы так працавалі, мы б праблем не мелі».
Падданыя Кіма — замест пакістанцаў?
Гэтая пласцінка круціцца не ўпершыню. У мінулым годзе, калі падняўся шум з нагоды планаў уладаў запрасіць 150 тысяч гастарбайтараў з Пакістана, Лукашэнка адрэагаваў так: «Ну калі ў нас хтосьці баіцца іншаземцаў, трэба тады працаваць за траіх, хаця б за дваіх». І яшчэ больш груба: «Не хочаце чужых — працуйце самі».
То-бок, з пункту гледжання аўтакрата, у праблемах на рынку працы вінаватыя беларусы і ўвогуле яны бяздзельнікі.
Дарэчы, у мінулым месяцы падчас сустрэчы з Кімам Чэн Ынам у Пхеньяне Лукашэнка таксама хваліў тамтэйшы народ: «Вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам».
Паколькі з пакістанцамі нумар не прайшоў, можа, беларускі аўтакрат і сапраўды паклаў вока на працоўную сілу з КНДР?
А што, Кім жа ахвотна падагнаў Пуціну гарматнае мяса. Калі ж у Беларусь ехаць на працу, то неспараўнальна больш шанцаў не толькі жывым застацца, але і якую-небудзь капейчыну зарабіць (хоць львіную долю, хутчэй за ўсё, адабярэ паўночнакарэйская дзяржава).
Праца рабская, але які вынік?
Але на якой падставе Лукашэнка робіць выснову, што паўночныя карэйцы працуюць лепш? Так, у тамтэйшай дыктатуры біць лынды не дадуць: шасцідзённы працоўны тыдзень, звышурочныя, «валанцёрства», розныя віды прымусовай працы.
Але нават пры такой жахлівай эксплуатацыі ВУП на душу насельніцтва там, паводле дадзеных ААН, у 2023 годзе (больш свежых лічбаў няма) склаў усяго $640. Для параўнання: адпаведны леташні паказчык Беларусі, згодна з ацэнкай МВФ, — $9435 (а калі лічыць па парытэце пакупніцкай здольнасці, то, у залежнасці ад метадалогіі, ад $28 да $32 тысяч).
То-бок, хоць паўночнакарэйскія ўлады выціскаюць з простага народу ўсе сокі, прадукцыйнасць там нізкая. Што і не дзіўна пры татальным панаванні дзяржавы ў эканоміцы і адсталых тэхналогіях.
Ды і з таго ВУП невядома, колькі ідзе на тое, каб «любімы вождзь» (у якога відавочна праблемы з вагой) мог рэгулярна есці чорную ікру, фуа-гра, швейцарскі сыр і шакалад і запіваць далікатэсы шампанскім па паўтары тысячы долараў за бутэльку. Жыруе там толькі вярхушка, а асноўная маса народа жыве ў прагаладзь.
Лукашэнка прарочыць КНДР вялікую будучыню, але чаму яна дагэтуль не наступіла пры такім ударным, з ягонага пункту гледжання, працы? І чаму паўднёвыя карэйцы, той самы этнас, маюць у дзясяткі разоў вышэйшы ўзровень жыцця?
Адказ просты: там, на поўдні паўвострава, рынкавая эканоміка і дэмакратыя. Але Рэспубліку Карэя беларускі дыктатар у прыклад не ставіць. Бо ў такой сістэме ён сябе не бачыць. У Паўднёвай Карэі прэзідэнтаў, што злоўжылі ўладай, не толькі адхіляюць ад пасады ў выніку імпічменту, але і потым саджаюць на лаву падсудных. Так, у лютым былы прэзідэнт Юн Сок Ёль быў асуджаны за спробу мяцяжу на пажыццёвае зняволенне.
«Распешчаным» беларусам мала міскі рысу — патрэбная свабода
Яшчэ адзін цікавы штрых: 12 красавіка Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі па тэлефоне «супрацоўніцтва ў троіцы Беларусь — Расія — КНДР». З вялікай верагоднасцю гаворка ішла пра ваенную сферу. Але разам з тым Масква ўжо мае і досвед выкарыстання паўночнакарэйскіх гастарбайтараў.
У мінулым годзе ўцекачы з іх ліку распавялі Бі-бі-сі пра рабскія ўмовы ў Расіі: рабочы дзень — з шостай раніцы да другой ночы, толькі два выходныя на год, будаўнікоў круглыя суткі трымаюць на аб’ектах, размяшчаюць у брудных кантэйнерах або недабудаваных дамах.
Можа, і рэжым Лукашэнкі спадзяецца пераняць гэты перадавы досвед? Бо беларусы ж, з пункту гледжання аўтакрата, надта распешчаныя. А падданым Кіма дасі ўвечары па міскай рысу — і яны будуць на сёмым небе ад шчасця.
А ўласны «народзец», глядзі ты які, у 2020-м свабоды захацеў. На святое замахнуліся — на яго, Лукашэнкі, трон. Дык ён ім такое пекла ўладкаваў, што сотні тысяч мусілі ўцякаць з краіны.
І пры гэтым эмігравалі між іншым добра адукаваныя, прадпрымальныя, мазгавітыя. Калі б не вар’яцтва дыктатуры, не было б такога адтоку і, адпаведна, такіх вострых праблемаў на рынку працы. Колькі толькі айцішнікаў выехала! Між тым адна такая светлая галава можа даць краіне больш прыбытку, чым дзесяць тысяч паўночных карэйцаў з лапатамі.
Але «шмат разумныя» гэтаму рэжыму не патрэбныя. Таму і пазірае ягоны вождзь з зайздрасцю ў бок Паўночнай Карэі, дзе з народу вяроўкі віюць.
Аляксандр Класкоўскі, «Белсат»