Цягнік Мінск — Брэст спынілі дзеля двух пасажыраў
- 13.04.2026, 15:40
Ім трэба было ў Гродна.
Незвычайны выпадак апісала карыстальніца Threads пад нікам l_aleksiayuk.
«Селі ў цягнік Мінск — Брэст, той, што без прыпынкаў, — піша яна. — Праз хвіліну пасля адпраўлення двое пасажыраў зразумелі, што селі не ў той цягнік: ім — у Гродна. І што вы думаеце? Цягнік спынілі, і людзі выйшлі. І ніхто пры гэтым не памёр, свет не спыніўся. Я ў захапленні! Вядома, былі розныя каментары — кшталту «Маладыя, а разабрацца не могуць». Але мне так падняло настрой тое, што і такую сітуацыю можна вырашыць без асаблівых праблем. Гэта ўсё рэальна і не страшна».
Некаторыя каментатары распавялі, што сутыкаліся з падобнай сітуацыяй, хоць яна і не прадугледжана правіламі.
«Неяк мы ўсёй сям’ёй спазняліся на гэты цягнік. Выклікалі два таксі, бо нас было пяцёра, — піша пасажырка пад нікам karina_like_show. Памчалі на вакзал ужо з маленькай надзеяй. Я з дачкамі пад’ехала першай, і мы пабеглі. Забеглі ў першы вагон, і праз хвіліну цягнік ужо мусіў адпраўляцца. Муж з сынам яшчэ толькі спыніліся і бягуць у тунэль. Я — да правадніцы. Яна сказала, што цягнік затрымліваць не будуць. Я сказала, што бяжыць дзіця. Правадніца пайшла да машыніста, і яны яшчэ тры хвіліны трымалі цягнік».