Новы лідар Венгрыі пагадзіўся разблакаваць крэдыт ЕС для Украіны на 90 млрд еўра
- 13.04.2026, 18:25
Менавіта гэтага ад яго чакалі ў Бруселі і Кіеве.
Петер Мад'яр, партыя якога атрымала канстытуцыйную большасць (дзве трэці месцаў) у венгерскім парламенце па выніках нядзельных выбараў, не будзе перашкаджаць атрыманню Украінай крэдыту ад Еўрасаюза. Пра гэта ён заявіў у панядзелак на прэс-канферэнцыі.
Менавіта гэтага ад яго чакалі ў Бруселі, казалі раніцай выданню Financial Times два дыпламаты з краін ЕС. Зняцце вета з крэдыту для Украіны і новага пакета санкцый супраць Расіі павінны стаць першым крокам у працэсе, здольным разблакаваць да 35 млрд еўра, якія ЕС адмаўляўся выдаваць Венгрыі з-за розных спрэчак, перш за ўсё звязаных з падрывам дэмакратычных нормаў рэжымам Віктара Орбана.
Орбан ухваліў крэдыт у снежні разам з астатнімі членамі ЕС, але раптоўна адклікаў сваю згоду ў лютым, калі спынілася пракачка праз Украіну расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба». Ён быў пашкоджаны расійскімі абстрэламі, але Орбан абвінаваціў Украіну ў блакаванні паставак з палітычных прычын. Паводле плану, Кіеў мусіў пачаць атрымліваць грошы з красавіка.
Па ацэнцы ўрада Украіны, сёлета ёй патрэбна $52 млрд замежнага фінансавання, і ў асноўным дэфіцыт меркавалася пакрыць за кошт крэдыту ЕС. Грошай на фінансаванне бюджэту і абароны ў Украіны засталося толькі да чэрвеня, паведамляў Bloomberg.
Брусель хоча дзейнічаць аператыўна, каб як мага хутчэй пералічыць грошы Кіеву, адзначае агенцтва. Кіпр, які цяпер старшынюе ў ЕС, падніме гэтае пытанне на сустрэчы паслоў краін блоку ў бліжэйшы час, паведаміў яму кіпрскі чыноўнік.
Мад'яр адзначыў, што Будапешт пакідае за сабой права не ўдзельнічаць у крэдыце для Украіны. Гэтую пазіцыю ён выказваў і падчас перадвыбарчай кампаніі, заяўляючы, што ягоны ўрад не будзе прадастаўляць ёй ваенную дапамогу.
Новы ўрад павінен прыступіць да выканання сваіх абавязкаў цягам месяца.
Сыход вечнага бунтара Орбана, які пастаянна карыстаўся правам вета і якога лічылі траянскім канём Уладзіміра Пуціна, дазваляе Еўрасаюзу разлічваць на больш актыўную падтрымку Кіева з боку Венгрыі — хаця б тым, што яна не будзе ставіць палкі ў колы, адзначае калумніст Bloomberg па Еўропе Ліянэль Лоран.