BE RU EN

«Продкі беларусаў і рускіх пайшлі рознымі шляхамі ў часы Залатой Арды»

  • Андрэй Кныш, «Салідарнасць»
  • 15.04.2026, 8:30

Чаму Беларусь — не Расія, і што адрознівае нас ад расіян.

Дзесяць гадоў таму ў Віцебску з’явіўся помнік рускаму князю Аляксандру Неўскаму. Яго ўсталявалі за паўкіламетра ад коннай скульптуры князя Альгерда. Прыхільнікі незалежнасці Беларусі небеспадстаўна расцанілі такі крок як экспансію «рускага свету».

І на гэта былі прычыны, бо праз два гады пасля захопу Крыму ў Расіі ўсё гучней гучалі галасы прыхільнікаў ідэі адраджэння імперыі, у якой не было месца асобным незалежным дзяржавам. Гэтыя галасы ўсё мацней сцвярджалі, што «мы — адзін народ».

Іронія гісторыі — помнік Неўскаму ў Віцебску з’яўляецца яшчэ адным жывым пацвярджэннем мёртванароджанасці ідэй пра беларусаў (і ўкраінцаў) як пра «сапсаваных» рускіх, што паддаліся чужароднаму ўплыву.

І справа не ў тым, што князь Аляксандр Неўскі не меў ніякага дачынення да Віцебска — у адрозненне ад Альгерда, які ператварыў горад у важны фарпост ВКЛ.

Справа ў тым, што князі сталі адным з сімвалаў гістарычнай развілкі, пасля якой продкі беларусаў і рускіх пайшлі рознымі шляхамі.

Пасля нападу манголаў на землі Русі ў 1237–1241 гадах значныя тэрыторыі сучаснай Расіі і Украіны апынуліся пад уладай Залатой Арды.

Альгерд вядомы тым, што далучыў да ВКЛ частку тэрыторыі сённяшняй Украіны, вызваліўшы яе ад прыгнёту мангольскага іга. Роля Аляксандра Неўскага ў гісторыі іншая. У гісторыю ён увайшоў як рускі князь, які разам з ардынцамі падаўляў паўстанні ў рускіх гарадах супраць манголаў.

Арда захапіла Русь. Але татара-манголам не патрэбная была наша душа і не патрэбныя былі нашы мазгі. Татара-манголам патрэбныя былі нашыя кішэні, і яны выварочвалі гэтыя кішэні, але не пасягалі на нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Яны не былі здольныя пераадолець наш цывілізацыйны код. А калі ўзнікла небяспека з Захаду, калі закутыя ў броню тэўтонскія рыцары пайшлі на Русь — ніякага кампрамісу.

Калі папа рымскі піша ліст Аляксандру, спрабуючы перацягнуць яго на свой бок… Аляксандр адказвае «не». Ён бачыць цывілізацыйную небяспеку, сустракае гэтых закутых у броню рыцараў на Чудскім возеры і разбівае іх, гэтак жа, як цудам Божым разбівае з маленькай дружынай шведскіх ваяроў, якія ўвайшлі ў Неву.

Іронія яшчэ і ў тым, што нягледзячы на камланні пра «трыадзінны народ», факт прыналежнасці продкаў беларусаў і расіян да розных цывілізацый прызнаюць не толькі незалежныя гісторыкі, але і іхныя калегі, што працягваюць служыць палітычным рэжымам у Мінску і Маскве.

Як, напрыклад, кіраўнік кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і Сярэднявечча гістарычнага факультэта БДУ Сцяпан Цемушаў. У 2025-м ён апублікаваў навуковы артыкул у часопісе БДУ, прысвечаны адрозненням паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй у сферы дзяржаўнай улады і кіравання. Прыведзем некалькі ключавых высноваў з публікацыі.

На характар улады маскоўскіх гаспадароў наклала адбітак доўгае знаходжанне ў арбіце Залатой Арды, якая перадала сваёй «заваяванай правінцыі» дэспатычны характар вярхоўнай улады.

У ВКЛ у асобных артыкулах Статутаў закладаліся ідэі праведнага суда як найвышэйшага прызначэння хрысціянскага гаспадара, цесна звязаныя з пытаннем аб межах яго ўлады.

У Расіі, дзе не існавала законаў, што вызначалі адносіны паміж манархам і падданымі, з канца XV стагоддзя ўсё часцей ўзнімалася пытанне пра боскае паходжанне ўлады. (Нешта гэта нам нагадвае — С).

ВКЛ аб’яднала некалькі народаў са сваімі культурнымі і палітычнымі традыцыямі. Гэта было шматканфесійнае аб’яднанне, цэрквы тут мелі пэўную свабоду і незалежнасць.

Маскоўскае княства, што пазней стала Расіяй, спачатку было больш аднастайным. У адрозненне ад ВКЛ тут існавала жорсткая цэнтралізацыя ўлады — на месцах кіравалі прызначаныя зверху прадстаўнікі вялікага князя, якія не мелі іншых паўнамоцтваў, акрамя выканання волі Масквы.

У Вялікім Княстве Літоўскім было шырока распаўсюджана гарадское самакіраванне. Аб’яднанні мясцовых магнатаў мелі права сходаў і вырашэння лакальных пытанняў. У ВКЛ Рада была больш незалежная ад волі князя, чым Дума ў Масковіі, што ператварылася выключна ў выканаўчую ўладу.

Сацыяльныя ліфты дзейнічалі па-рознаму. У Масковіі ўлада перадавалася па спадчыне, дзесяцігоддзямі канцэнтруючыся ў адных і тых жа колах. У ВКЛ ва ўладу траплялі не выключна па прозвішчы, але і дзякуючы талентам і кіраўніцкім здольнасцям.

Гарады сучаснай Беларусі ў часы ВКЛ надзяляліся Магдэбургскім правам. Напрыклад, Брэст атрымаў яго ў 1390-м, Гродна — годам пазней, Слуцк — у 1441-м. Нагадаем, што Масковія ў гэты час працягвала плаціць даніну Ардзе.

З сучасных гарадоў Расіі толькі Смаленск удастоіўся Магдэбургскага права. Праўда, на той момант ён не быў расійскім. Беларускія гарады былі пазбаўленыя самакіравання пасля далучэння ВКЛ да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай.

Дадамо, што адным з фактараў, якія падштурхнулі расійскую імператрыцу Кацярыну II распачаць канчатковае вырашэнне пытання існавання Рэчы Паспалітай, стала прыняцце Канстытуцыі ад 3 мая 1791-га — першага Асноўнага закона ў Еўропе і другога ў свеце пасля ЗША.

Той самай Канстытуцыі, да стварэння і прасоўвання якой спрычыніліся і нашыя продкі.

Андрэй Кныш, «Салідарнасць»

Апошнія навіны