Расія хоча прыняць узбагачаны ўран з Ірана
- 15.04.2026, 19:30
ЗША выступілі супраць.
Расія выказвала гатоўнасць прыняць узбагачаны ўран з іранскіх ядзерных аб’ектаў, аднак ЗША адхілілі гэтую ініцыятыву. Пра гэта заявіў прэс-сакратар дыктатара РФ Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю India Today.
«Гэта сапраўды магло б стаць вельмі добрым рашэннем. Але, на жаль, амерыканскі бок адхіліў гэтую прапанову. І цяпер яно не знаходзіцца на стале перамоваў. Хоць прэзідэнт Пуцін гатовы вярнуцца да гэтай ініцыятывы», — сказаў спадар Пяскоў.
Па словах прэс-сакратара, Іран быў згодны на такі варыянт, але ў ЗША ёсць свае патрабаванні і інтарэсы. «Таму пытанне ў тым, каб аб’яднаць патрабаванні і інтарэсы ўсіх задзейнічаных бакоў, каб дасягнуць пагаднення, заключыць здзелку, як кажа Вашынгтон», — падсумаваў Дзмітрый Пяскоў.
Іранская ядзерная праграма застаецца адным з галоўных прадметаў разыходжанняў паміж Тэгеранам і Вашынгтонам. ЗША падазраюць Іран у намерах распрацаваць ядзерную зброю і патрабуюць поўнага спынення ўзбагачэння ўрану.