Еўразвяз заклікаў беларускія ўлады адмяніць рашэнне па ЕГУ
- 15.04.2026, 22:22
Рэжым Лукашэнкі прызнаў універсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Еўрапейскі саюз асуджае рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
«Гэта рашэнне з’яўляецца зухвалым і неабгрунтаваным нападам на акадэмічную свабоду, свабоду выказвання меркаванняў і фундаментальнае права на адукацыю. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на працягу многіх гадоў забяспечвае якасную адукацыю беларускім студэнтам, у тым ліку тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну з-за рэпрэсій. Пры падтрымцы ЕС сотні беларускіх студэнтаў атрымалі стыпендыі і дапамогу на пражыванне, што дазволіла ім развіваць свае веды і ўносіць уклад у развіццё грамадства», — заявілі ў Бруселі.
У ЕС дадалі, што наданне акадэмічнай установе статусу «экстрэмісцкай» — гэта чарговы прыклад сістэматычных намаганняў рэжыму па падаўленні крытычнага мыслення, запалохванні моладзі і далейшым разбурэнні грамадзянскай прасторы як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
«Гэта рашэнне з’яўляецца часткай больш шырокай тэндэнцыі рэпрэсій, накіраваных супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і адукацыйных устаноў», — заявілі ў ведамстве.
Там падкрэслілі, што Еўразвяз пацвярджае сваю поўную падтрымку ЕГУ, яго студэнтам, выкладчыкам і выпускнікам і заклікае беларускія ўлады неадкладна адмяніць гэта рашэнне і спыніць рэпрэсіі, якія працягваюцца, супраць беларускага народа.
Нагадаем, 14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) «экстрэмісцкай арганізацыяй». Рашэнне ўступае ў сілу неадкладна. У Генпракуратуры адзначылі, што меры былі прынятыя на падставе закона аб супрацьдзеянні «экстрэмізму», і абвінавацілі ўніверсітэт у аказанні «метадычнай, фінансавай і іншай» дапамогі «прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак, а таксама дэструктыўных замежных недзяржаўных арганізацый».
У ЕГУ заявілі, што ўніверсітэт працягне выконваць сваю місію як установа вышэйшай адукацыі.
Рашэнне беларускіх уладаў асудзілі міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс і МЗС Швецыі.