У РФ губернатар загадаў жыхарам радавацца таму, што ім блакуюць інтэрнэт, а не выдаюць пайкі па талонах
- 15.04.2026, 22:37
Ён таксама прапанаваў грамадзянам РФ «сціснуць зубы».
Губернатар Ленінградскай вобласці краіны-агрэсара РФ Аляксандр Драздэнка раскрытыкаваў жыхароў рэгіёна, якія скардзяцца на перабоі з мабільным інтэрнэтам. Пра гэта 15 красавіка паведамілі «Важныя гісторыі».
Паводле слоў Драздэнкі, незадаволеныя «жывуць у цяплічных умовах» і не ўносяць дастатковага ўкладу ў «прыбліжэнне перамогі», якой менавіта — не ўдакладніў.
Выступаючы з дакладам перад дэпутатамі Заканадаўчага сходу, ён заявіў, што грамадзянам варта «сціснуць зубы» і ўспрымаць абмежаванні як апраўданыя.
«Мы з вамі не знаходзімся ў тыя часы, калі пайку трэба атрымліваць па талонах і трэба думаць пра тое, як звесці канцы з канцамі з гэтай маленькай пайкай, каб выжыць і прыблізіць перамогу», — заявіў чыноўнік.
Параўноўваючы бягучую сітуацыю з больш цяжкімі гістарычнымі ўмовамі, паводле яго слоў, скаргі на сувязь выглядаюць неабгрунтаванымі.
«Мы з вамі тут жывём у цяплічных умовах, і калі хтосьці ўздымае пытанне пра інтэрнэт, то майце смеласць сказаць ім у вочы: «Што ты зрабіў, каб прыблізіць перамогу, каб у цябе быў стабільны інтэрнэт?»», — дадаў ён.
Акрамя таго, Драздэнка назваў Ленінградскую вобласць фактычна «прыфрантавым рэгіёнам», маючы на ўвазе краіны НАТА. Ён паведаміў, што за першы квартал, паводле яго дадзеных, у небе былі збітыя 243 беспілотнікі. Раней расійскія ўлады абвінавачвалі краіны Балтыі ў тым, што тыя нібыта прапускаюць украінскія БПЛА для ўдараў па аб'ектах інфраструктуры ў рэгіёне.
Таксама губернатар адзначыў, што папярэджанні пра магчымыя атакі беспілотнікаў не заўсёды даходзяць да насельніцтва. Паводле яго слоў, гэта робіцца наўмысна — каб «не трывожыць» жыхароў.