У Беларусі плануюць забараніць пластыкавыя кветкі
- 20.04.2026, 11:11
Улады рыхтуюць Экалагічны кодэкс.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі працуе над праектам Экалагічнага кодэкса, адной з мэт якога можа стаць забарона на вытворчасць тавараў, адходы ад якіх складана або немагчыма перапрацаваць. Да іх ліку могуць трапіць і пластыкавыя кветкі, паведамляе БЕЛТА.
Паводле інфармацыі Мінпрыроды, у праекце Экалагічнага кодэкса прадугледжана наданне Савету Міністраў паўнамоцтваў па фармаванні пераліку тавараў, вытворчасць якіх можа быць забаронена з-за складанасцяў з іх утылізацыяй. Пры складанні спісу будзе разглядацца і пытанне ўключэння ў яго штучных пластыкавых кветак.
Чыноўнікі таксама нагадалі, што з 2024 года вытворцы і імпарцёры пластыкавых кветак абавязаныя плаціць за іх будучую ўтылізацыю па стаўцы 1,80 рубля за кілаграм. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на арганізацыю збору і бяспечнай перапрацоўкі такога смецця.
У якасці альтэрнатывы пластыкавым кветкам Мінпрыроды прапануе выкарыстоўваць жывыя кветкі ў гаршках, высаджваць шматгадовыя расліны, карлікавыя кустарнікі і вечназялёныя іглічныя дрэвы, а таксама ўпрыгожваць магілы сціплымі букетамі свежасрэзаных кветак, свечкамі або стужкамі з тканіны.
У Беларусі ўжо не першы год на розных узроўнях гучаць заклікі адмовіцца ад выкарыстання штучных кветак для ўпрыгожвання магіл, асабліва ў перыяд Радаўніцы. Раней Мінпрыроды ўжо заклікала адмовіцца ад іх, тлумачачы шкодны ўплыў пластыку на экалогію і здароўе. У ведамстве падкрэслівалі, што такія вырабы разкладаюцца сотні гадоў, выдзяляючы ў глебу і грунтовыя воды таксічныя рэчывы, а пры спальванні — цяжкія металы і дыяксіны ў атмасферу.
Да гэтых заклікаў далучаліся і прадстаўнікі царквы. Напрыклад, пратайерэй Іаан Пашкевіч з Камянецкага раёна тлумачыў, што выкарыстанне пластыкавых кветак на могілках не мае ніякай багаслоўскай сімволікі, а толькі «шкодзіць жывым». Паводле яго слоў, галоўнае ўпрыгожванне магілы — крыж як сімвал надзеі на ўваскрасенне.