BE RU EN

У Германіі знізілася злачыннасць

  • 20.04.2026, 19:25

Але не па ўсіх катэгорыях.

Колькасць злачынстваў, зарэгістраваных паліцыяй Германіі ў мінулым годзе, у цэлым знізілася, але зафіксаваны рост забойстваў і шэрагу іншых асабліва цяжкіх злачынстваў. Пра гэта гаворыцца ў статыстыцы, якую абнародавалі ў панядзелак, 20 красавіка, Міністэрства ўнутраных спраў ФРГ і Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі (Bundeskriminalamt, BKA). Яна заснаваная на даных усіх 16 федэральных земляў, перадае DW.

Згодна з гэтымі данымі, у 2025 годзе ў ФРГ было зафіксавана 5 508 559 злачынстваў — на 5,6% менш, чым годам раней. Упершыню з 2021 года скарацілася і гвалтоўная злачыннасць — на 2,3% у гадавым вылічэнні. Тым часам па шэрагу цяжкіх крымінальных артыкулаў адзначаны істотны рост у параўнанні з 2024 годам.

Колькасць злачынстваў, звязаных з новымі псіхаактыўнымі рэчывамі, вырасла на 25,5%, з дзіцячай парнаграфіяй — на 19,9%. Выпадкі згвалтавання і цяжкіх сексуалізаваных злачынстваў павялічыліся на 8,5%, забойстваў — на 6,5%. Вырасла таксама колькасць выпадкаў камп'ютарнага махлярства і крадзяжоў з кватэр.

Кіраўнік МУС ФРГ пра зніжэнне злачыннасці: Гэта «не падстава для палёгкі»

«Зніжэнне ўзроўню гвалтоўнай злачыннасці — гэта толькі пачатак, але не падстава для палёгкі», — папярэдзіў міністр унутраных спраў ФРГ Аляксандар Добрындт, прадстаўляючы статыстыку. Паводле яго слоў, неабходныя дадатковыя меры, каб «людзі адчувалі сябе ў бяспецы ў паўсядзённым жыцці». Разам з тым, магчыма, гэтыя дадзеныя ўказваюць на шанец «дабіцца зніжэння ўзроўню злачыннасці ў доўгатэрміновай перспектыве», — адзначыў Добрындт.

Кіраўнік BKA Хольгер Мюнх у сваю чаргу ўказаў на змену характару злачынстваў. Злачыннасць «становіцца больш лічбавай, больш міжнароднай, а ў некаторых сферах — і больш жорсткай», — сказаў ён.

Зніжэнне агульнага ўзроўню злачыннасці эксперты звязваюць з частковай легалізацыяй канабісу ў Германіі ў красавіку 2024 года. Колькасць нарказлачынстваў упала на 27,7%, што прыкметна паўплывала на агульную статыстыку. Тым часам раскрыўнасць амаль не змянілася — 57,9% супраць 58% у 2024 годзе.

Апошнія навіны