«Грошай няма, але вы трымайцеся»: памерла жанчына з Крыма, якой Мядзведзеў гэта казаў
- 20.04.2026, 21:13
Ганна Буянава задала нязручнае пытанне тадышняму прэм’еру РФ у 2016 годзе.
Памерла расійская пенсіянерка Ганна Буянава, якой Дзмітрый Мядзведзеў казаў «Грошай няма, але вы трымайцеся», паведамляе праект «Пост».
Мем «Грошай няма, але вы трымайцеся» з’явіўся ў 2016 годзе, калі тадышні прэм’ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў наведваў Феадосію ў акупаваным Крыме. Яго тады акружыў натоўп жыхароў. 60‑гадовая Ганна Буянава абурылася памерам пенсіі, Мядзведзеў апраўдваўся.
«Проста грошай няма. Знойдзем грошы, зробім індэксацыю. Вы трымайцеся тут, усяго добрага, добрага настрою», — так гучалі словы Мядзведзева, але ў народзе іх скаротылі да вядомай фразы.
Буянава жыла ў вёсцы Навапакроўка. Гаспадарка была галоўнай крыніцай яе даходу: яна трымала хатнюю птушку, вырошчвала гародніну і садавіну. У Ганны — 30 гадоў працоўнага стажу. Пасля сустрэчы з Мядзведзевым ёй павысілі пенсію, але на суму ў 6 разоў меншую, чым абяцалі.
Некалькі разоў да Ганны прыязджалі рэпарцёры. Але апошнія шэсць гадоў пра яе жыццё нічога не было вядома.
«Яна працавала ў розных месцах. У сталоўцы працавала. На пенсіі была. Гаспадаркі ўжо не было, каб яе не напружваць», — распавёў малодшы сын Буянавай Мікалай. Па яго словах, пенсію ёй паднімалі на 500 рублёў, асаблівай сацдапамогі для маці ён не прыгадвае.
У красавіку мінулага года ў Ганны здарыўся першы інсульт, у канцы ліпеня — другі. Буянава памерла 2 жніўня 2025‑га.