Найдаражэйшую кватэру ў гісторыі набыў украінец
- 21.04.2026, 21:25
За $550 млн.
Здзелка па продажы кватэры ў Манака за $550 млн стала найбуйнейшай у гісторыі па асобным жылым аб’екце. Хто і за што аддаў гэтую неверагодную суму, распавядае Bloomberg.
На элітную нерухомасць не паскупіўся самы багаты чалавек Украіны Рынат Ахметаў. Хоць нават для яго гэта адчувальныя выдаткі: стан украінца ацэньваюць у $7 млрд.
Праўда, для яго такія пакупкі не ўпершыню. У 2019 годзе Ахметаў набыў віллу на Французскай Рыўеры за €200 млн, а да таго — пентхаус у прэстыжным лонданскім жылым комплексе.
Кватэра мае плошчу 2,5 тыс. м², 5 паверхаў і 21 пакой, не лічачы балконаў і тэрас з выглядам на Міжземнае мора. Таксама тут ёсць прыватны басейн, джакузі і як мінімум восем паркавальных месцаў.
Манака лічыцца дзяржавай з аднымі з самых высокіх коштаў на нерухомасць. Але кватэра Ахметава размешчана ў самым элітным раёне княства — Марэтэра, у новым будынку Le Renzo.
Новая тэрыторыя, узведзеная на намытай зямлі, была адкрыта прынцам Альбертам II у 2024 годзе і прыцягнула звышбагатых інвестараў з усяго свету.
І атрымліваецца, што кошт толькі за адзін «квадрат» — $220 тыс. Лічы, як новая кватэра ў Мінску.
Сама здзелка па куплі была завершана яшчэ ў 2024 годзе, але вядома пра яе стала толькі цяпер. Холдынгавая кампанія Ахметава SCM пацвердзіла факт набыцця нерухомасці, але не паведаміла, на якую суму.
Да Ахметава найдаражэйшай здзелкай з жыллём лічылася продаж асабняка забудоўшчыка Ніка Кэнды у Чэлсі за больш чым $350 млн.