Візіт Вэнса ў Пакістан на перамовы з Іранам адклалі
- 21.04.2026, 22:29
Названая прычына.
Візіт віцэ-прэзідэнта ЗША Джэя Дзі Вэнса у Ісламабад для перамоваў з Іранам адкладзены на нявызначаны тэрмін, паколькі Вашынгтон не атрымаў адказу Тэгерана на свае перамоўныя пазіцыі. Пра гэта піша New York Times са спасылкай на амерыканскага чыноўніка.
Выданне адзначае, што паездка Вэнса не скасаваная — перамовы могуць аднавіцца «ў любы момант», хоць прэзідэнт Дональд Трамп даў зразумець, што не хоча падаўжаць перамір’е без доўгатэрміновай дамовы.
Паводле дадзеных CNN, Вэнс усё яшчэ знаходзіцца ў ЗША і ўдзень у аўторак прыбыў у Белы дом.
Перамовы бакоў у Пакістане, што прайшлі 11–12 красавіка, завяршыліся без дасягнення дамоўленасці. Іран звязвае згоду на новыя раўнды перамоваў з выкананнем ЗША сваіх абавязацельстваў, уключаючы зняцце амерыканскай блакады іранскіх партоў, якую ў Тэгеране лічаць парушэннем дамоўленасцяў аб спыненні агню.
Часовае перамір’е паміж ЗША і Іранам, заключанае 8 красавіка, заканчваецца 21 красавіка. На мінулым тыдні Трамп паведамляў, што амерыканскія прадстаўнікі накіроўваюцца ў Ісламабад, дзе правядуць новыя перамовы з Іранам. Паводле дадзеных CNN, Вэнс зноў узначаліць дэлегацыю ЗША.
21 красавіка The Wall Street Journal і CNN са спасылкай на крыніцы пісалі, што іранская і амерыканская перамоўныя групы накіруюцца на сустрэчу, каб узяць удзел у мірных перамовах. Пры гэтым прадстаўнік МЗС Ірана Эсмаіл Багаі заявіў, што Іран яшчэ не прыняў рашэння з гэтай нагоды.