BE RU EN

Названа дата сплыву ультыматуму ЗША Ірану

  • 22.04.2026, 7:40

У гэты дзень Тэгеран павінен даць ЗША канчатковы адказ.

Злучаныя Штаты чакаюць, што ў сераду, 22 красавіка, вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі падасць адказ на апошнюю прапанову аб урэгуляванні.

Пра гэта паведамляе Axios.

Чаму Трамп падоўжыў перамір’е

Паводле дадзеных партала, адной з прычын рашэння Дональда Трампа падоўжыць рэжым спынення агню (нягледзячы на адсутнасць прагрэсу) стала жаданне дачакацца адказу вярхоўнага лідара Ірана і атрымання іранскімі перамоўшчыкамі выразных дырэктыў. Ізраільская крыніца паведаміла, што адказ ад Хаменеі чакаюць менавіта ў сераду.

«Іранскія перамоўшчыкі сказалі, што чакаюць зялёнае святло ад вярхоўнага лідара», — адзначыла рэгіянальная крыніца.

Унутраны раскол у Іране

У апошнія дні іранскае кіраўніцтва вядзе інтэнсіўныя ўнутраныя дэбаты адносна далейшых крокаў у перамовах з адміністрацыяй Трампа.

Грамадзянскае кіраўніцтва (спікер парламента Галібаф, міністр замежных спраў Арагчы) выступае за працяг перамоваў, каб працягнуць перамір’е і дасягнуць пагаднення.

Камандуючы Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) генерал Ахмад Вахіды і яго намеснікі адмаўляюцца ісці на саступкі і выступаюць супраць перамоваў, пакуль працягваецца марская блакада.

Захоп ЗША іранскага грузавога судна ў Аравійскім моры паглыбіў унутраны раскол. Камандзіры КВІР абвінавацілі іранскіх перамоўшчыкаў у слабасці.

Што далей?

Прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф заявіў, што Пакістан будзе і далей дамагацца перамоўнага ўрэгулявання. Ён выказаў надзею, што абодва бакі будуць прытрымлівацца перамір’я і змогуць заключыць «усебаковае мірнае пагадненне» падчас другога раўнду перамоваў у Ісламабадзе.

Аднак калі менавіта адбудзецца гэты раунд — незразумела. Прадстаўнік Белага дома пацвердзіў, што візіт віцэ-прэзідэнта Вэнса ў Пакістан у аўторак адменены.

«Любыя далейшыя абнаўленні адносна асабістых сустрэч будуць абвешчаныя Белым домам», — паведаміў чыноўнік.

Першы раўнд перамоваў паміж ЗША і Іранам, які адбыўся ў Ісламабадзе, скончыўся 12 красавіка без якіх-небудзь істотных вынікаў.

Як паведаміў віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, сустрэча цягнулася больш за 21 гадзіну, але бакі так і не прыйшлі да згоды з-за таго, што Тэгеран не даў цвёрдых гарантый адмовы ад распрацоўкі ядзернай зброі.

20 красавіка Дональд Трамп пагразіў «выбухам бомбаў», калі пагадненне не будзе падпісана, падкрэсліўшы, што ЗША патрабуюць ад Ірана адмовіцца ад ядзерных амбіцый.

Тэгеран, са свайго боку, заявіў, што не прызнае амерыканскіх ультыматумаў і не перадасць свой узбагачаны ўран ні ЗША, ні якой іншай краіне.

Апошнія навіны