Італія выклікала пасла РФ пасля скандальнай заявы Салаўёва
- 22.04.2026, 8:17
Расійскі прапагандыст дазволіў сабе вельмі брудную лаянку ў адрас прэм'ер-міністра Мелоні.
Міністэрства замежных спраў Італіі выклікала «на кілім» пасла РФ у краіне пасля таго, як галоўны расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў абрынуўся з абразамі на прэм'ер-міністра Італіі Джорджу Мелоні.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву міністра замежных спраў Італіі Антоніа Таяні.
«Я даручыў МЗС выклікаць расійскага пасла Парамонава, каб выказаць афіцыйныя пратэсты пасля надзвычай сур'ёзных і абразлівых заяў расійскага тэлевядучага Уладзіміра Салаўёва на расійскім тэлебачанні ў адносінах да прэм'ер-міністра Джорджы Мелоні», - напісаў Таяні.
Расійскі прапагандыст Салаўёў (якога італьянскія ўлады ў свой час пакінулі без нерухомасці, арыштаваўшы абедзве яго вілы на возеры Кома), у нядаўнім эфіры сваёй прапагандысцкай праграмы «Поўны кантакт» аблаяў Мелоні па-італьянску. У адрас прэм'ер-міністра з вуснаў расіяніна прагучала нямала бруднай лаянкі.
Істэрыка Салаўёва тлумачыцца не толькі асабістымі крыўдамі на ўрад Італіі. Нядаўна стала вядома пра шэраг новых дамоўленасцяў з Італіяй аб вайсковай падтрымцы Украіны.