BE RU EN

Як расійская прапаганда прынізіла Лукашэнку

  • Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
  • 22.04.2026, 8:25

Кароткая выснова з вялікага інтэрв'ю.

Падаецца, вялікае інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі журналісту рупара крамлёўскай прапаганды RT Рыку Санчэзу даставіла задавальненне абодвум.

Кіраўнік Беларусі чарговы раз скарыстаўся выпадкам, каб пнуць Уладзіміра Зяленскага, назваўшы яго ледзь не васалам ЗША, які пры кожным зручным выпадку бяжыць прасіць грошай і зброі.

Лукашэнка вучыў Захад дэмакратыі, разважаў пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, палохаў суседзяў расійскай тактычнай ядзернай зброяй і раскладаў па палічках прычыны паразы Віктара Орбана.

У сваю чаргу Санчэз «разаблачыў міф» пра тое, што Лукашэнка — дыктатар. Падсаладзіў суразмоўцу пігулю неверыфікаванымі звесткамі пра яго «папулярнасць». І выказаўся за маштабаванне «унікальнага» досведу Беларусі на краіны, у якіх палітыкаў змяняюць «занадта часта».

Але колькі б ліслівасці ні гучала ў словах прапагандыста RT, галоўнай мэтай гэтай размовы, падаецца, было тое, што аўтары інтэрв'ю вынеслі ў загаловак. І выглядае гэта максімальна прыніжальна.

Наўрад ці пра гэта Лукашэнка марыў на восьмым дзесятку гадоў: пераконваць свайго сюзерэна ў тым, што ён яго сукін сын і нікога больш.

Арцём Сініцын, «Салідарнасць»

Апошнія навіны