У Мінску пабудуюць тры велізарныя «свечкі»
- 22.04.2026, 9:56
Для гэтага знясуць прыватны сектар у раёне вуліц Маякоўскага і Палескай.
На месцы прыватнага сектара ў раёне сталічных вуліц Маякоўскага і Палескай плануецца пабудаваць тры шматкватэрныя жылыя дамы, паведаміў у эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Гуцько, піша «Зеркало».
Чыноўнік адзначыў, што тэрыторыя ў раёне вуліц Палескай, Аранжарэйнай і Лугоўскай ужо «ахопленая горадабудаўнічай дакументацыяй дэтальнага планавання».
Распрацавана канцэпцыя размяшчэння аб’ектаў, якая прадугледжвае ўзвядзенне трох шматкватэрных жылых дамоў — так званых «свечак».
Паводле інфармацыі Віктара Гуцько, заказчык — УКС Савецкага раёна — ужо займаецца ацэнкай аб’ектаў, якія падлягаюць зносу, каб ажыццявіць кампенсацыю.
Як распавёў агенцтву «Мінск-Навіны» кіраўнік раённай адміністрацыі Раман Мельнік, зносу і адсяленню ў адпаведнасці з праектамі дэтальнага планавання тэрыторый Ленінскага раёна падлягаюць 345 дамавалоданняў.