BE RU EN

Мільянера з ЗША падчас палявання на антылоп затапталі сланы

  • 24.04.2026, 21:30

Гэта адбылося ў Габоне.

Уладальнік вінаграднікаў у Каліфорніі Эрні Дозіа загінуў у Габоне пасля нападу пяці сланоў. Мільянер загінуў у трапічным лесе Лопэ-Оканда, паведамляе Daily Mail са спасылкай на арганізатара сафары Collect Africa.

Бізнесмен быў на паляванні на рэдкага жаўтаспіннага дукера, больш вядомага як лясная антылопа, і карлікавага ляснога буйвала. Кошт сафары на чалавека складаў каля $40 тыс. Разам з прадпрымальнікам быў прафесійны паляўнічы-правадыр. Раптам з густога падлеску з'явіліся пяць сланіх са сланяням. Жывёлы, абараняючы дзіцяня, адразу ж атакавалі групу.

Як піша выданне, прафесійнага паляўнічага адкінула ўбок, і ён быў сур'ёзна паранены, страціўшы сваю магутную вінтоўку. У Дозіа засталася толькі стрэльба-драбавік, якую ён выкарыстоўваў для палявання на антылоп. Сланы затапталі яго насмерць.

«Эрні паляваў з тых часоў, як мог утрымаць стрэльбу. У яго шмат трафеяў з Афрыкі і ЗША. Многія не ўхваляюць паляванне на буйную дзічыну, але ўсе яго сафары былі строга ліцэнзаваныя і праводзіліся ў межах рэгулявання колькасці жывёл», — паведаміў Daily Mail знаёмы загінулага.

Паводле звестак выдання, асноўная крыніца стану загінулага — кампанія Pacific AgriLands. Прадпрыемства мела вінаграднік плошчай 12 тыс. акраў у Мадэста (Каліфорнія), а таксама спецыялізавалася на кіраванні іншымі вінаграднікамі і пастаўках абсталявання для збору ўраджаю.

Цела загінулага рэпатрыююць у Каліфорнію пры садзейнічанні пасольства ЗША ў Габоне.

Апошнія навіны