BE RU EN

Літва ўводзіць ліміт у 200 літраў паліва для грузавікоў з Беларусі

  • 27.04.2026, 6:52

Новыя правілы ўступаюць у сілу 3 мая.

Сейм Літвы прыняў рашэнне працягнуць санкцыі супраць Расіі і Беларусі і ўвесці новыя абмежаванні.

Папраўкі да закона аб абмежавальных мерах уступаюць у сілу 3 мая 2026 года і будуць дзейнічаць да 31 снежня 2027-га, піша партал ABW.BY.

З гэтай даты ў Літву забараняецца ўвоз паліва ў стандартных паліўных баках аўтамабіляў, калі яго аб'ём перавышае 200 л. Абмежаванне датычыцца грузавога транспарту з беларускай і расійскай рэгістрацыяй.

У выпадку перавышэння аб'ёму ўезд у краіну будзе забаронены. Пры гэтым пад дзеянне санкцый не падпадаюць аўтамабілі, што ідуць транзітам праз тэрыторыю Літвы ў іншыя дзяржавы Еўразвязу.

Паводле даных Мытнага дэпартамента Літвы, штомесяц у краіну ўязджае каля 7,1 тыс. грузавікоў з беларускай і расійскай рэгістрацыяй. Мытнікі сцвярджаюць, што кіроўцы спецыяльна завозяць паліва ў вялікіх аб'ёмах, каб пасля зліваць і прадаваць яго на тэрыторыі Літвы.

Паводле падлікаў, з адной фуры незаконна зліваецца да 500 л дызельнага паліва. За месяц дзяржава губляе мільёны еўра ў выглядзе незаплачаных падаткаў. Асабліва востра праблема стаіць цяпер, калі цэны на паліва ў Літве істотна выраслі.

Аналагічныя абмежаванні дзейнічаюць у Латвіі з 1 студзеня 2025 года. Раней меркавалася, што Літва ўвядзе забарону з 1 ліпеня 2026-га, але працэс быў паскораны. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць ужо з 3 мая.

Апошнія навіны