Расійскія найміты прызналі, што здалі малійскі Кідаль
- 27.04.2026, 10:47
«Афрыканскі корпус» пакінуў ключавы горад.
Вайскоўцы арміі Малі і расійскага «Афрыканскага корпуса» пакінулі горад Кідаль, пацвердзіў раніцай у панядзелак «Афрыканскі корпус» у сваім тэлеграм-канале. Гэта былая неафіцыйная сталіца туарэгаў, якую цяперашнія ўлады краіны ўзялі пры падтрымцы расійскіх наймітаў у 2023 годзе.
У заяве «Афрыканскага корпуса» гаворыцца, што Кідаль пакінуты «у адпаведнасці з сумесным рашэннем кіраўніцтва Рэспублікі Малі». Паводле заявы, «у першую чаргу былі эвакуяваныя параненыя вайскоўцы і цяжкая тэхніка».
«Афрыканскі корпус» таксама заявіў, што «асабовы склад працягвае выконваць пастаўленую баявую задачу». «Абстаноўка ў Рэспубліцы Малі застаецца складанай», — гаворыцца ў заяве, на якую звярнула ўвагу «Агентство».
У нядзелю пра пагадненне, паводле якога «Афрыканскі корпус» і вайскоўцы арміі Малі пакінулі Кідаль, паведамілі паўстанцы-туарэгі з Фронту вызвалення Азавада (FLA). «Ваенны асведаміцель» апублікаваў некалькі відэаролікаў, на якіх расійская вайсковая тэхніка без бою праязджае міма лікуючых ісламістаў.
Шмат якія вайскоўцы арміі Малі і расійскага «Афрыканскага корпуса» застаюцца ў лагерах у гарадах Севарэ і Гао, пісала Le Monde са спасылкай на крыніцы ў службах бяспекі.
Днём раней Узброеныя сілы Малі паведамілі, што адбіццё нападу ў Кідалі працягваецца.
Z-блогі ў публікацыях пра Малі засяроджваюцца на гераізме расіян, якія змагаюцца ў «Афрыканскім корпусе». Такія пасты выйшлі ў «Рыбара», Юрыя Падалякі і Барыса Рожына (канал Colonelcassad).
Што гэта значыць?
Узяцце Кідаля ў 2023 годзе было адным з галоўных дасягненняў расійскіх наймітаў, якія з’явіліся ў Малі ў 2021 годзе (спачатку як «ПВК Вагнера»).
Падзенне горада — сур’ёзны ўдар па інтарэсах Масквы, якая ў апошнія гады імкнецца прадставіць сябе ў якасці альтэрнатыўнай сілы, здольнай стабілізаваць сітуацыю ў краінах Афрыкі. «Для Расіі гэтае нападзенне стала катастрофай. Ім не ўдалося прадухіліць падзенне Кідаля — настолькі сімвалічнага для туарэгаў апорнага пункта, і цяпер ім трэба пакінуць гэты паўночны горад», — кажа Ульф Лесінг, кіраўнік праграмы па Сахелі ў Фондзе Канрада Адэнаўэра:
Адзін з найбуйнейшых скаардынаваных наступаў паўстанцаў і ісламістаў у Малі пачаўся ў суботу.
Сайт ВГТРК Vesti.ru паведамляе толькі пра некалькіх параненых у «Афрыканскім корпусе». Аднак z-блогі паведамляюць пра страчаную расійскую тэхніку, у тым ліку верталёт, і гібель экіпажа і групы вайскоўцаў на яго борце.