Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць на беларускай мове
- 27.04.2026, 11:04
Вы можаце замовіць яе на папулярнай пляцоўцы «Кнігаўка».
Новая кніга вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» выйшла на беларускай мове ў выдавецкім агенцтве «EkoPress». Яе можна набыць на папулярнай пляцоўцы выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве па адрасе: ul. Kłopotowskiego 4.
Раней «Беларусь Наталлі Радзінай» з’явілася на рускай і украінскай мовах.
Юрый Фельштынскі — аўтар такіх кніг, як «ФСБ падрывае Расію», «Карпарацыя: Расія і КДБ у часы прэзідэнта Пуціна», «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну» і іншых — гэтым разам звярнуўся да гісторыі сучаснай Беларусі, апісанай праз жыццё аднаго чалавека: вядомай беларускай журналісткі Наталлі Радзінай.
«Наталля Радзіна — сведка і ўдзельніца беларускіх падзей апошніх дзесяцігоддзяў. У кнізе разам са сваімі калегамі і аднадумцамі — Андрэем Саннікавым, Дзьмітрыем Бандарэнкам і Аляксандрай Герасіменяй — яна распавядае пра тое, як беларусы на працягу дзесяцігоддзяў самаахвярна змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Праз лёс аднаго журналіста прасочваецца лёс народа, які адстойвае сваю незалежнасць.
Чытач акунецца ў жыццё гэтай смелай жанчыны, што прайшла шлях ад шараговай журналісткі да галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org), і стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэставага руху, якія пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не сціхаюць да сёння, пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па ўказанні дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, разам з Радзінай перажыве яе турэмныя будні, адчуе радасці яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, стане сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Прачытваючы гэтую кнігу, чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэднявечча Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, якая вызвалілася ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўразвязам, а не з Расіяй, што фактычна акупавала Беларусь, і чыя бяспека ўрэшце можа быць забяспечаная толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і пакаранні смерцю апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жывая, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду», — піша Юрый Фельштынскі пра сваю кнігу.
Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — пляцоўка выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.