У НАТА назвалі шакавальныя лічбы страт расійскіх акупантаў
- 27.04.2026, 11:16
За месяц Расія губляе больш, чым СССР за 10 гадоў у Афганістане.
Расія штомесяц губляе ва Украіне больш людзей, чым СССР за ўсё дзесяцігоддзе афганскай кампаніі.
Пра гэта ў інтэрв'ю «РБК-Украіна» заявіў кіраўнік Ваеннага камітэта Альянсу адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ.
Паводле слоў адмірала, цяпер на фронце фактычна тупік — вялікіх прарываў не чакаецца ні з аднаго боку. Але пры гэтым Расія штомесяц губляе каля 35 000 чалавек.
Для параўнання: за ўсе 10 гадоў афганскай вайны Савецкі Саюз страціў 20 000 чалавек.
«Яны губляюць каля 35 000 чалавек у месяц. Для параўнання: за ўсе 10 гадоў афганскай вайны СССР страціў 20 000 чалавек. Гэта ўражвае. Нягледзячы на тупіковую сітуацыю, яны штодня нясуць каласальныя страты. Гэта неверагодна», — заявіў адмірал Каво Драгонэ.
На пытанне пра шлях да перамогі Украіны ў вайне адмірал адказаў адназначна — гэта знясіленне Расіі і яе эканомікі да такога стану, калі яна не зможа працягваць вайну.
«Так. І калі супрацьстаянне ў Армузскай пратоцы завершыцца, нам трэба будзе вярнуцца да рэжыму санкцый і таму падобнага. На гэта я і спадзяюся», — дадаў ён.