Land Rover прадставіў новы пазадарожнік Freelander
- 27.04.2026, 11:57
Паказаныя першыя фота мадэлі.
Абнародаваныя першыя афіцыйныя фота Freelander 8 ад Land Rover. Сямейны пазадарожнік атрымае электрыфікаваныя сілавыя ўстаноўкі.
Land Rover Freelander вяртаецца ў новым фармаце — цяпер гэта асобны брэнд мадэляў павышанай праходнасці. Менавіта Freelander 8 стане першай мадэллю ў лінейцы з шасці, паведамляе сайт Carscoops.
Новы Freelander 8 — сумесны праект Jaguar Land Rover і Chery. Яго будуць выпускаць у Кітаі, аднак плануецца экспарт і рыхтуюцца варыянты з левым і правым размяшчэннем руля.
Пазадарожнік захаваў рысы перадсерыйнага Freelander Concept97, які паказалі ў сакавіку, аднак яго выгляд некалькі стрыманейшы. 5,1-метровы аўтамабіль мае высокі капот, кароткія звісы кузава і выразны пластыкавы абвес, а ад дзвярэй, што адчыняюцца супраць руху, адмовіліся. Дызайн фар, бакавін і задніх стоек даху вытрыманы ў духу Land Rover Freelander першага пакалення.
Салон Freelander 8 не паказалі, аднак адзначаецца, што там устанавяць тры рады сядзенняў, а камплектацыя будзе ўключаць сістэму паўаўтаномнага руху ад Huawei. Характарыстыкі Freelander 8 таксама трымаюць у сакрэце, але вядома, што яго платформа iMAX базуецца на 800-вольтавай архітэктуры Chery E0X і падтрымлівае электрычныя і плагін-гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі з хуткай зарадкай магутнасцю 350 кВт.