Пяць вар'яцкіх парад ад няўдалага аграрыя Лукашэнкі
- 27.04.2026, 13:06
Дыктатар выдае банальнасці за каштоўныя ўказанні.
Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Нараўлянскі раён, каб праінспектаваць пасяўную. Судзячы з раздаваных парад, ён упэўнены, што без яго ў гэтай краіне ні пасеяць, ні пажаць не змогуць.
Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал прыводзіць яго «найкаштоўнейшыя» думкі, выказаныя падчас інспектавання «Эксперыментальнай базы «Крынічная»». «Салідарнасць» сабрала 5 найбольш важных.
Парада №1. «Трэба, каб была падрыхтавана глеба».
А мы-то думалі, што так па полі раскідаць. Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч!
Парада №2. «Цягнуць ужо не трэба, трэба сеяць».
Хацелі да лета пачакаць, але калі вы настойваеце...
Парада №3. «Галоўнае — гаспадарыць на зямлі і не забывацца пра культуру земляробства».
А так бы і далей займаліся бескультурным земляробствам.
Парада №4. Сховішчы мусяць быць зробленыя так, каб «замест сенажу не захоўваць гнілаж».
Дык во для чаго яны!
Парада №5. «Трэба арганізацыя і трэба чалавечае стаўленне да скаціны».
Хацелася б яшчэ, вядома, чалавечага стаўлення да чалавека, але гэта ўжо пасля скаціны.
Ну і напаследак вердыкт кіраўніка адносна ўбачанага на комплексе:
— Дорага. Трэба старацца танней. Прыдумаць схему, каб «зубамі грызлі цану». Так, можна сказаць, будуюць за свае грошы. Але ж мы датуем сельскую гаспадарку. Маглі б зэканоміць грошы для іншых праектаў.
Датуем? Маглі б зэканоміць на нешта іншае? Ды неее. Куды ж тады ездзіць раздаваць такія найкаштоўныя парады?!