BE RU EN

Услед за Сірыяй Расія страціла Малі

  • Аляксей Кушч
  • 27.04.2026, 13:08

Захад знайшоў рэцэпт барацьбы з Крэмлём.

Сітуацыя ў Малі — гэта пачатак зачысткі ўсёй Франсафрыкі ад расійскага ўплыву.

Але для мясцовага насельніцтва ўсё гэта толькі змена кірункаў экспарту золата з Малі і ўрану з Нігера — не больш за тое. Пытанне толькі ў фармаце неакаланіялізму: расійскага ці заходняга.

Простымі словамі: хто стане бенефіцыярам мясцовых прыродных рэсурсаў шляхам кантролю над нацыянальнымі палітычнымі элітамі.

Мясцовае насельніцтва нічога не атрымлівала ад здабычы прыродных рэсурсаў — ні пры французах, ні пры расіянах. Але тут назіраюцца і больш значныя тэндэнцыі.

Падзеі ў Франсафрыцы — гэта паўтарэнне сірыйскага сцэнарыя.

З пачатку нулявых дзеля кантролю за сваёй сыравіннай перыферыяй у выглядзе краін, якія развіваюцца, Захад рабіў стаўку на «дэмакратычныя ўрады», якія зрыналі мясцовыя «суверэнісцкія дыктатуры» ў ходзе «народных, вулічных рэвалюцый». Але высветлілася, што такія новыя эліты, якія складаюцца з выпускнікоў двухтыднёвых летніх курсаў у Гарвардзе або Оксфардзе, прыходзячы да ўлады, не ў стане яе ўтрымаць. Гэта прыводзіць да таго, што такія краіны становяцца часткай экспансіі РФ і/або Кітая.

Таму Захад зняў белыя пальчаткі і пачаў рабіць стаўку не на выпускнікоў летніх гарвардскіх курсаў, а на выпускнікоў летніх ваенных палявых лагераў, то бок або на рэлігійных фундаменталістаў, або на нацыяналістаў.

Напрыклад, Блізкі Усход: курды — нацыяналісты, Хаят Тахрыр аш-Шам — фундаменталісты.

Франсафрыка: туарэгі — нацыяналісты, «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (JNIM) — фундаменталісты.

Дарэчы, і ХТШ у Сірыі, і JNIM у Малі — гэта «аскалкі» Аль-Каіды. То бок стаўка не на грантавых «задротаў», а на хлопцаў з няпростым лёсам.

Па сутнасці, Захад фармуе некалькі нацыяналістычных і фундаменталісцкіх буфераў у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе ў якасці «ваўкоў вайны» для стрымлівання РФ і Кітая.

«А як гэта суадносіцца з гуманітарнай ідэалогіяй ЕС»? — спытаеце вы.

«Ніяк», — адкажу я.

Прагматычны інтарэс бяспекі аказаўся для Еўропы важнейшы за правы афрыканцаў і сірыйцаў.

Аляксей Кушч, Facebook

Апошнія навіны