Польшча будуе «армаду дронаў»
- 27.04.2026, 13:43
Варшава абапіраецца на досвед Украіны.
Варшава стварае маштабны флот беспілотнікаў, абапіраючыся на баявы досвед Украіны.
Пра гэта, як піша The Guardian, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас канферэнцыі ў Жэшуве, прысвечанай аднаўленню Украіны.
Паводле ягоных слоў, цяперашняя сітуацыя ў рэгіёне і свеце застаецца нестабільнай, таму надзвычай важна мець магчымасць хутка рэагаваць на патэнцыйныя пагрозы і правакацыі.
Туск падкрэсліў, што Польшча мае намер стварыць «армаду беспілотнікаў», выкарыстоўваючы ў якасці асновы тэхнічны і практычны досвед, атрыманы Украінай падчас вайны.
Ён таксама адзначыў, што адна з ключавых мэт — дасягнуць тэхналагічнага рыўка, каб у бліжэйшай будучыні Украіна, Польшча і ўся Еўропа былі лепш абароненыя ад паветраных атак.