Новыя санкцыі ЕС супраць Беларусі: наколькі яны ўдаряць па рэжыме Лукашэнкі?
- 27.04.2026, 14:31
Эксперты кажуць пра частковы эфект.
20-ы пакет еўрапейскіх санкцый, уведзены 23 красавіка, не такі магутны, як можа падацца, лічаць эксперты. Пры гэтым у ім ёсць незвычайная навацыя — упершыню з-за Беларусі пад санкцыі трапіла дзяржаўная кітайская кампанія. Лічбавы беларускі рубель трапіў пад забарону ЕС, яшчэ не пачаўшы працу. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, што азначаюць новыя абмежаванні і які эфект яны могуць аказаць на Беларусь і яе бізнес з Кітаем.
Кітай не будзе сварыцца з Еўрасаюзам
20-ы пакет санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны складаецца з трох асноўных частак — санкцыі на гандаль таварамі, фінансавыя абмежаванні і санкцыі супраць кампаній.
Сярод кампаній у 20-м пакеце апынуліся «Беларуская нафтавая кампанія», сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Волат-Санцзян», а таксама кітайская кампанія China Space Sanjiang Group.
Паколькі «Волат-Санцзян» — гэта сумесная кампанія China Space Sanjiang Group і Мінскага завода колавых цягачоў, кітайскі бок апынуўся пад санкцыямі за ўдзел у «вытворчасці беларускай ваеннай прадукцыі».
«Гэта [China Space Sanjiang Group. – Рэд.] не проста нейкая маленькая прыватная кампанія. Гэта частка велізарнага кітайскага ваеннага канцэрна», — кажа беларускі бізнэсмен, вядучы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.
Ён падкрэсліў, што раней Кітай рэагаваў на заходнія санкцыі. Напрыклад, адмовіўся ад фінансавання будаўніцтва Нежынскага ГАК у Беларусі ў той час, калі частка грошай ужо была ўкладзеная.
«Фінансаванне спынілася менавіта тады, калі ЗША ўвялі санкцыі. Кітай не паводзіць сябе, як Расія ці Беларусь, маўляў, санкцыі — ну і чорт з вамі, нам гэта толькі на карысць. Кітай — гэта краіна, якая імкнецца быць канвенцыйна прымальнай, таму я не выключаю, што гэты канцэрн паспрабуе разарваць супрацоўніцтва, каб не трапіць пад санкцыі», — лічыць Кныровіч.
Суразмоўца не выключае, што China Space Sanjiang Group паспрабуе не выйсці з бізнесу ў Беларусі, а перафарматаваць сваю прысутнасць там.
«Напрыклад, могуць паспрабаваць прадаць яго трэцяму боку, выкарыстоўваць нейкія фірмы-пракладкі, каб звонку гэта выглядала як выхад з бізнесу, каб патрабаваць зняцця з сябе санкцый. Няма ніякага сэнсу ісці на канфрантацыю з Еўрапейскім саюзам. І, вядома, супрацоўніцтва Кітая з Еўрапейскім саюзам у два парадкі больш, чым супрацоўніцтва Кітая з Беларуссю», — нагадаў Аляксандр Кныровіч.
Удар па абваленым гандлі
20-ы пакет санкцый пашырыў пералік тавараў, якія могуць спрыяць ваенна-тэхнічнаму ўмацаванню Беларусі, развіццю сектара абароны і бяспекі. Такія тавары забараняецца вывозіць з ЕС у Беларусь. Сярод іншага пад санкцыямі апынуўся лабараторны шкляны посуд, некаторыя высокаэфектыўныя змазачныя матэрыялы і іх дабаўкі.
ЕС таксама забараняе вывозіць са сваёй тэрыторыі і шэраг тавараў, якія могуць спрыяць умацаванню беларускай прамысловасці ў цэлым. Гэты і без таго вялікі спіс папоўнілі некаторыя хімікаты, каўчук і вырабы з вулканізаванага каўчуку, вырабы са сталі, інструменты для вытворчасці металу і прамысловыя трактары.
Паводле дадзеных Еўрастата, Беларусь набыла ў ЕС у 2025 годзе тавараў, якія цяпер трапілі пад санкцыі, крыху больш чым на €33 млн, у той час як увесь імпарт Беларусі з ЕС склаў €4 млрд 54 млн. Паставак згаданых трактароў увогуле не было апошнія два гады. Найбольш актыўна Беларусь набывала вырабы з вулканізаванага каўчуку.
«Гэта не тыя санкцыі, якія маглі б быць паспяховымі і насамрэч паўплываць на ваенна-прамысловы комплекс Беларусі. Усё адно застаюцца “дзіркі”, калі Беларусь можа атрымліваць еўрапейскія тавары праз трэція краіны», — сказала ў эфіры «Белсата» спецыялістка па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка.
Пры гэтым купля праз трэція краіны азначае, што беларускі ВПК будзе набываць гэтыя тавары па больш высокай цане.
ЕС пашырыў і пералік тавараў, якія нельга набываць у Беларусі. Туды трапілі пэўная сыравіна, металы, некаторыя мінералы, металалом сталі і іншых металаў, хімікаты, вырабы з вулканізаванага каўчуку і дублёныя скуры.
Улічваючы, што гэта дадатак да вялікага старога спісу, Беларусь ужо шмат не страціць. Беларускі экспарт у ЕС абваліўся да €406 млн у 2025 годзе. Гэта ў 14 разоў менш, чым у 2021 годзе, і ў тры разы менш, чым у 2024 годзе.
«Найбольш маржынальны экспарт быў спынены ўжо даўно, — падкрэсліла Аліса Рыжычэнка. — Дваццаты пакет санкцый толькі на першы погляд выглядае моцным, бо туды ўваходзяць таксама нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Расіі, але толькі нязначная колькасць беларускіх прадпрыемстваў. Не ўведзены санкцыі ў дачыненні да транспарціроўкі [па моры. — Рэд.] расійскай нафты. Гэта самае галоўнае. Гэта магло б перашкаджаць таму, каб Расія атрымлівала больш грошай у бюджэт».
Беларускага лічбавага рубля яшчэ няма, а ён ужо пад санкцыямі
Таксама ЕС забараняе здзелкі з беларускім лічбавым рублём і аказанне падтрымкі гэтаму праекту. У санкцыйным дакуменце гаворыцца, што беларускі лічбавы рубель «прызначаны, у прыватнасці, для забеспячэння плацежнай сістэмы, якая абараняе беларусаў ад наступстваў абмежавальных мер».
Акрамя таго, наогул забараняецца наўпрост або ўскосна ўдзельнічаць у любых здзелках з беларускай юрыдычнай асобай, арганізацыяй або структурай, якія аказваюць паслугі ў сферы крыптаактываў, або з платформай, якая займаецца абменам або перадачай крыптаактываў.
Экспертка BECOR Анастасія Лузгіна кажа, што лічбавы беларускі рубель яшчэ не ўведзены, таму пра яго магчымасці і працу можна гаварыць пакуль што патэнцыйна.
«І лічбавы рубель, і крыптаактывы ў цэлым могуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцый. Думаю, у гэтым часткова прычына, чаму ўлады адносна хутка хочуць развіваць і лічбавы рубель, і ўсю крыптасферу. Гэта можа быць так, бо ўсе транзакцыі ў крыптаактывах або ў лічбавым рублі адбываюцца па-за традыцыйнай банкаўскай сістэмай. Яны для традыцыйнай фінансавай сістэмы не бачныя да таго часу, пакуль мы не захочам вывесці крыптаактыў і перавесці яго ў валюту», — кажа Анастасія Лузгіна.
Такім чынам, еўрапейскія ўлады працуюць на апярэджанне. Сам жа беларускі лічбавы рубель плануецца запусціць летам 2026 года.
«Верагодна, вылучылі [у санкцыях. — Рэд.] асобна беларускі лічбавы рубель, паколькі гэта не традыцыйная крыптавалюта. Гэта лічбавая валюта, якая эмітуецца Нацыянальным банкам. Яго будуць запускаць у тэставым рэжыме і развіваць гэтую сістэму.
З улікам таго, што цяпер нікога не здзіўляюць крыптаактывы, аперацыі з імі даволі актыўна праводзяцца. Нацбанк заяўляе, што ў іх ёсць заяўкі на адкрыццё тых жа крыптабанкаў. Згодна з заканадаўствам аб крыптабанку, ёсць магчымасць ажыццяўляць аперацыі па знешнім гандлі паміж суб'ектамі Беларусі і іншымі краінамі. Гэта дазваляе фармаваць такую паралельную традыцыйнай фінансавую сістэму», — адзначыла Анастасія Лузгіна.
Што да іншых беларускіх крыптаарганізацый, то для іх, верагодна, мала што зменіцца, паколькі абмежаванняў у гэтай сферы ў дачыненні да Беларусі і так дастаткова. Напрыклад, грамадзяне Беларусі без еўрапейскага віду на жыхарства (ВНЖ) не могуць нават мець крыптакошалёк на еўрапейскіх крыптабіржах.