Іран высунуў ЗША новую прапанову для завяршэння вайны
- 27.04.2026, 20:42
Тэгеран настойвае спачатку на спыненні вайны і гарантыях.
Іран прапанаваў завяршыць вайну з ЗША і спыніць напады на караблі ў Армузскім праліве пры ўмове зняцця амерыканскай блакады іранскіх партоў і адтэрміноўкі перамоў па ядзерным пытанні. Прапанову перадалі праз пасярэднікаў, пішуць Associated Press, The Wall Street Journal і PBS са спасылкай на крыніцы сярод службовых асоб.
Выданне Axios да гэтага паведаміла, што Белы дом атрымаў прапанову, у якой Тэгеран настойвае на спыненні вайны перад абмеркаваннем ядзернай праграмы. Паводле звестак выдання, іранскія ўлады разыходзяцца ў меркаваннях наконт таго, якія ядзерныя саступкі варта разглядаць.
Прадстаўніца Белага дома Алівія Уэльс заявіла CNN, што гэта далікатныя дыпламатычныя перамовы, і ЗША не будуць весці іх праз прэсу. «Як заявіў прэзідэнт, козыры ў руках Злучаных Штатаў, і яны пойдуць на здзелку толькі ў тым выпадку, калі інтарэсы амерыканскага народа будуць на першым месцы, і Іран ніколі не атрымае ядзерную зброю», — падкрэсліла яна.
Прэзідэнт Дональд Трамп плануе 27 красавіка сустрэцца з высокапастаўленымі прадстаўнікамі нацыянальнай бяспекі, каб абмеркаваць тупік у перамовах з Іранам. Сустрэча адбудзецца пасля таго, як Трамп раптоўна адмяніў паездку пасланца Стыва Уіткофа і зяця Джарэда Кушнера у Пакістан на чарговы раўнд перамоў з іранцамі. На ёй плануецца абмеркаваць варыянты далейшых дзеянняў, у тым ліку пытанне аб аднаўленні бомбардзіровак. Цяпер паміж ЗША і Іранам дзейнічае перамір’е.
Кіраўнік Белага дома патлумачыў, што вырашыў адмяніць паездку сваіх перамоўшчыкаў у Ісламабад, бо Тэгеран не прадставіў здавальняльнай прапановы. Ён адмовіўся накіроўваць сваю каманду без больш яснага разумення таго, на якія саступкі Іран можа пагадзіцца і хто менавіта прымае там рашэнні.