BE RU EN

Камандзір украінскіх дронаў: Свабодалюбівая украінская «птушка» прылятае туды, калі хоча, і дзе

  • 27.04.2026, 21:07

Роберт Броўдзі расказаў, як Украіна пераносіць вайну на тэрыторыю Расіі.

«Для праціўніка мы як чырвоная ануча. Бо мы пераносім вайну на яго тэрыторыю, каб ён таксама яе адчуў», — кажа ўкраінскі вайсковец, пакуль яго падраздзяленне рыхтуе дальнабойныя дроны да запуску па Расіі.

Вось ужо некалькі тыдняў Украіна ўсё актыўней наносіць удары ўглыб расійскай тэрыторыі. Сярод мэт — інфраструктура экспарту нафты, і гэтыя ўдары адбываюцца як ніколі часта.

Камандзір украінскіх Сіл беспілотных сістэм заявіў у інтэрв’ю ВВС (з журналістамі ён гаворыць нячаста), што такія ўдары стануць яшчэ больш інтэнсіўнымі. Ён таксама сцвярджае, што ўкраінскія дроны забіваюць рэкордную колькасць расійскіх вайскоўцаў — і такім чынам стрымліваюць наступ Расіі на фронце.

«Цяпер 1500 кіламетраў у глыб тэрыторыі Расіі — і 2000 кіламетраў — гэта ўжо не спакойны тыл, — папярэджвае Роберт Броўдзі. — Свабодалюбівая украінская «птушка» прылятае туды, калі хоча, і дзе».

Дальнабойныя дроны рыхтуюць да запуску ў сакрэтным месцы, пасярод падмоклага ад дажджу поля на ўсходзе Украіны. Вайскоўцы павінны дзейнічаць хутка і выканаць свае задачы да таго, як расійскія сілы змогуць іх вылічыць і накіраваць у іх бок балістычныя ракеты. Нам загадваюць адысці на бяспечную адлегласць. Гучаць вокрыкі каманды, пасля раздаюцца гучныя гукі рухавіка — і мы бачым белую ўспышку: першы апарат, нібы невялікі знішчальнік, узмывае ў неба ў напрамку Расіі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі называе падобныя глыбокія ўдары «вельмі балючымі для Масквы» і кажа, што яны наносяць расійскаму энергетычнаму сектару «крытычную» шкоду, маштабы якой дасягаюць дзесяткаў мільярдаў долараў — нягледзячы на цяперашні рост сусветных цэн на нафту.

Такія атакі сталі больш інтэнсіўнымі ў тым ліку дзякуючы развіццю тэхналогій. Вырабленыя ва Украіне дроны становяцца таннейшымі і лятаюць на ўсё большыя адлегласці: мадэль, за пускам якой мы цяпер назіраем, здольная пераадолець больш за 1 тыс. км, а некаторыя іншыя апараты могуць праляцець у два разы далей.

Але справа яшчэ і ў тым, куды менавіта яны ляцяць. У дадатак да расійскай жывой сілы і ваенных заводаў, прыярытэтнай мэтай цяпер стаў расійскі энергетычны экспарт.

«Пуцін перакачвае прыродныя рэсурсы і канвертуе іх у крывавыя долары, — тлумачыць прычыны ўдараў Броўдзі. — Яны мяняюць нетры сваёй зямлі на долары, якія потым накіроўваюць супраць нас у выглядзе „шахедаў“ і балістычных ракет».

Жыхары горада Туапсэ на расійскім узбярэжжы Чорнага мора кажуць пра таксічныя дажджы пасля таго, як за некалькі дзён двойчы былі нанесены ўдары па мясцовым нафтавым тэрмінале. Але Броўдзі гэта не бянтэжыць.

«Калі нафтаперапрацоўчыя заводы — гэта інструмент канвертавання рэсурсаў у грошы, якія потым ідуць на вайну, — гэта законная ваенная мэта. Падлягае знішчэнню, безапеляцыйна».

Камандзір Сіл беспілотных сістэм вядзе вайну ў небе з сакрэтнай лакацыі, размешчанай глыбока пад зямлёй. Нас павезлі на сустрэчу з ім у фургоне з цалкам зацямнёнымі вокнамі, а потым правялі ўніз па лесвіцы — і па калідоры з капсуламі для сну. У выніку мы аказваемся ў абсталяванай па апошнім слове тэхнікі пячоры, якая ад столі да падлогі запоўненая экранамі.

У памяшканні чуюцца сігналы электроннага абсталявання, дзясяткі мужчын у футболках і худзі, схіленыя над клавіятурамі і джойстыкамі, атрымліваюць новую інфармацыю. Яны сочаць за відэакадрамі, што паступаюць сюды непасрэдна з поля бою, ад пілотаў дронаў з такімі пазыўнымі, як «Кіт Кат» і «Анталія».

Сілы беспілотных сістэм, якімі кіруе Броўдзі, складаюць толькі 2% украінскай арміі, аднак, як кажа камандзір, яны знішчаюць каля траціны ўсіх цэляў. Памеры іх уласных страт, паводле слоў Броўдзі, — не сакрэт: менш за 1% у год.

Усе без выключэння ўдары фіксуюцца на відэакамеры і рэгіструюцца. На адным з манітораў дэманструецца табліца з данымі пра вынікі ўдараў, якая абнаўляецца ў рэальным часе.

За апошні тыдзень Броўдзі паведаміў пра паражэнне больш як дзесяці афіцэраў ФСБ на акупаваных тэрыторыях, а таксама многіх энергетычных аб’ектаў у Расіі. Ён настойвае, што яго сілы крытычна важныя, каб Пуцін не мог публічна заяўляць пра свае перамогі — асабліва пра выкананне заяўленай задачы цягам некалькіх месяцаў захапіць усю тэрыторыю Данбаса. «Ды што ён наогул курыць? Гэта нерэальна, разумееце, мы расцягнем гэта на доўгія гады, усю гэтую гісторыю», — рэзка кажа Броўдзі.

Чатыры гады таму Броўдзі куды больш прывычна адчуваў сябе зусім не ў брудных акопах, а ў аўкцыённых дамах, такіх як Christie’s. Тады ён быў заможным гандляром збожжам, які таксама калекцыянаваў творы мастацтва. Цяпер пра яго даваеннае жыццё нагадваюць карціны і скульптуры ўкраінскіх аўтараў, размешчаныя ў бункеры. Побач з імі — корпусы ракет і захопленыя дроны. Ён этнічны венгр з горада Ужгарада на захадзе Украіны і найбольш вядомы па сваім вайсковым пазыўным «Мадзьяр». Да вайны ён быў гладка паголены, але цяпер носіць доўгую рыжую бараду з сівізной.

Бізнесмен вырашыў пайсці добраахвотнікам ва ўкраінскае войска непасрэдна перад поўнамаштабным уварваннем Расіі. «Усе разумелі, што вайна так ці інакш непазбежная», — кажа ён і распавядае, што запісаўся ў Тэрытарыяльную абарону, а потым удзельнічаў у некаторых з самых жорсткіх бітваў, у тым ліку за Бахмут.

Упершыню пра вялікі патэнцыял дронаў ён зразумеў, калі трапіў пад агонь расіян пад Херсонам. Броўдзі ўспомніў пра беспілотнік, які калісьці купляў для сваіх дзяцей, і пачаў забяспечваць сваё падраздзяленне падобнымі прыладамі. Раптам ён атрымаў магчымасць узнімацца над расійскімі пазіцыямі і трансляваць жывы малюнак суседняму артылерыйскаму падраздзяленню, якое такім чынам магло наносіць дакладныя ўдары. «Гэтая ідэя спачатку развівалася выключна з пункту гледжання самазахавання», — тлумачыць ён, але цяпер яна цалкам пераўтварыла поле бою.

Ужо праз некалькі месяцаў вайскоўцы збіралі ўласныя дроны — і мацавалі да іх боепрыпасы. Яны сталі вядомыя як 414-я брыгада «Птушкі Мадзяра».

Стратэгія Броўдзі грунтуецца не толькі на ўдарах на вялікай адлегласці.

Ён шмат гаворыць пра іншы прыярытэт: скарачэнне перавагі Расіі ў жывой сіле. Гэтая праблема стала асабліва вострай для Украіны, якой усё цяжэй мабілізаваць людзей на фронт. «Тыя, хто хацеў ваяваць, ужо ўсе ваяваюць», — прызнае Броўдзі.

Таму яго падначаленыя атрымалі загад штомесяц забіваць больш расійскіх вайскоўцаў, чым Масква можа прыцягнуць у сваю армію. Гэты паказчык — больш за 30 тыс. чалавек у месяц.

«На жывую сілу ўсталяваны план — 30% ад усіх цэляў, якія паражаюцца Сіламі беспілотных сістэм, — тлумачыць Броўдзі. — На сёння групоўка выконвае гэты план на 34% — пры адзнацы 30%. Па факце 34% усіх цэляў — гэта цэлі, звязаныя з жывой сілай праціўніка».

Паводле Броўдзі, гэтыя мэты выконваюцца ўжо чацвёрты месяц запар.

Я не магу асабіста пацвердзіць гэтыя даныя, але Броўдзі сказаў мне, што яго падначаленыя займаюцца менавіта такой вэрыфікацыяй: смерць кожнага салдата павінна быць пацверджаная відэазапісам — або інакш яе нельга ўключыць у статыстыку.

Некаторыя з такіх жорсткіх кліпаў бесперапынна прайграюцца на экранах у бункеры, Броўдзі таксама публікуе іх у тэлеграме, дзе называе свае дроны «птушкамі», а іх расійскіх ахвяр — «чарвякамі», на якіх трэба паляваць і знішчаць. «У гэтым пакоі адбываецца самае масавае забойства праціўніка ў гісторыі чалавецтва, вось з гэтага пакоя, у якім вы знаходзіцеся», — кажа ён, паказваючы на экраны вакол нас.

Гэта жорсткія словы, што гучаць з вуснаў гэтага ціхага чалавека, але Броўдзі кажа, што яго «не гложа ніякая жаласць да жывой сілы праціўніка».

Войскі Расіі дзейнічаюць далёка за межамі сваіх граніц, кажа ён, і Пуцін адправіў іх, бо «менавіта знішчэнне нас як незалежнай нацыі — яго найвялікшы прыярытэт». «Калі мы іх не заб’ём, яны заб’юць нас, гэта ж відавочна», — падсумоўвае Броўдзі.

Камандзір настойвае, што ў яго няма «ніякіх ружовых акуляраў»: «У нас ёсць дзейсны інструмент, дзейсная зброя, якую можна выкарыстоўваць для стрымлівання праціўніка, не для вядзення наступальных дзеянняў, — для недапушчэння эфектыўнага прасоўвання праціўніка на нашай тэрыторыі», — кажа ён мне.

Ён таксама лічыць, што Уладзімір Пуцін не можа сабе дазволіць завяршыць уварванне, бо палітычная рызыка, звязаная з паразай, занадта вялікая.

Таму ў Броўдзі ёсць яшчэ адна мэта: маральны дух расіян.

Ён спадзяецца, што колькасць загінулых і параненых — у спалучэнні з велізарнымі пажарамі на энергааб’ектах удалечыні ад межаў краіны — можа стварыць у Расіі «пэўнае браджэнне». Ён разлічвае на фактар шоку.

На адным з нядаўна апублікаваных відэа — яно шырока распаўсюджваецца ва Украіне — расіянка ў Туапсэ ў слязах. «Я проста хацела жыць з дзіцем на моры. Але мора ўсё [запоўнена] гэтым мазутам. Усё сапсавана. *** [Што] тут наогул рабіць? Гэтыя БПЛА, *** [праклятыя], лятаюць, усё разносяць», — кажа яна, перамешваючы рыданні з нецэнзурнымі выразамі.

Для Броўдзі гэта прыкмета таго, што наступствы расійскага ўварвання — і моцнага адказу Украіны — магчыма, ужо не такія абмежаваныя, як да апошняга часу.

Яго задача — зрабіць так, каб кожны яго дрон прымушаў усё больш расіян ставіць пад сумнеў вайну, якую вядзе іх краіна, — і падтрымку прэзідэнта, які яе распачаў.

Апошнія навіны