Лукашэнка баіцца быць схопленым і вывезеным з краіны?
- 29.04.2026, 9:06
Дыктатара падчас паездкі да ўкраінскай мяжы суправаджала ўзмоцненая ахова.
Падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка мог начаваць у сваёй рэзідэнцыі ў Лясковічах Петрыкаўскага раёна пад узмоцненай аховай. «Радыё Свабода» атрымала спадарожнікавы здымак, на якім бачны яго верталёт Мі-8, два дзясяткі аўтамабіляў, а таксама, верагодна, вайсковая тэхніка.
Штогадовая паездка ў Чарнобыльскую зону — рэдкі выпадак, калі выкарыстоўваецца гэтая рэзідэнцыя Лукашэнкі, адна з сямі загарадных, вядомых журналістам.
З 24 па 27 красавіка Аляксандр Лукашэнка наведаў некалькі раёнаў Гомельскай вобласці — Мазырскі, Петрыкаўскі і Нараўлянскі.
Пра месцы, дзе ён спыняўся на ноч, яго прэс-служба не паведамляла. Аднак, як высветліла «Свабода», прынамсі адзін прыпынак быў зроблены ў ягонай рэзідэнцыі ў вёсцы Лясковічы Петрыкаўскага раёна. Пра гэта сведчыць спадарожнікавы здымак, зроблены кампаніяй Planet Labs 27 красавіка а 8:53 раніцы.
На здымку бачны верталёт белага колеру, які стаіць на верталётнай пляцоўцы ў межах тэрыторыі рэзідэнцыі, і каля 20 грамадзянскіх аўтамабіляў рознага прызначэння побач з адным з уездаў на яе тэрыторыю. Таксама на здымку можна заўважыць 6 машын, якія могуць належаць вайскоўцам. Усе яны колеру хакі і стаяць асобна ад астатніх. Дакладны тып тэхнікі вызначыць немагчыма з-за якасці атрыманага спадарожнікавага здымка, але прынамсі тры з іх падобныя на вайсковыя грузавікі.
На даступных «Свабодзе» архіўных спадарожнікавых здымках гэтага аб’екта за мінулыя гады бачна, што звычайна такога тут не назіраецца.
Ад рэзідэнцыі ў Лясковічах да ўкраінскай мяжы каля 50 кіламетраў.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе ў небе над рознымі раёнамі Гомельскай вобласці пачалі рэгулярна заўважаць беспілотнікі. Звычайна іх палёты супадалі з масаванымі паветранымі атакамі Расіі на ўкраінскія гарады. Але своечасовую інфармацыю пра палёты такіх дронаў на тэрыторыю Беларусі ўлады ўтойваюць. Гэта пацвердзіў і сам Аляксандр Лукашэнка ў адной са сваіх публічных прамоў.
Тое, што Лукашэнка сапраўды мог быць у лясковіцкай рэзідэнцыі раніцай 27 красавіка (калі быў зроблены спадарожнікавы здымак), пацвярджаюць паведамленні яго прэс-службы. Паводле іхніх звестак, 26 красавіка ён інспектаваў малочна-таварны комплекс «Лясковічы», а на наступны дзень а 10:12 раніцы на верталёце прыбыў у Нараўлянскі раён. Паміж гэтымі пунктамі 86 кіламетраў.
Рэзідэнцыя Лукашэнкі ў Лясковічах — адна з сямі вядомых незалежным медыя загарадных рэзідэнцый, якімі ён карыстаецца. Яна знаходзіцца на беразе Прыпяці. У афіцыйных дакументах называецца «Комплексам па абслугоўванні дэлегацый у прыродаахоўным парку «Прыпяцкі»». У сваю чаргу нацыянальны парк «Прыпяцкі» непасрэдна падпарадкаваны Упраўленню справамі Лукашэнкі.
Апошняя афіцыйна вядомая сустрэча, якая адбылася ў лясковіцкай рэзідэнцыі, праходзіла больш як чатыры гады таму, у 2022 годзе. Тады тут у самым пачатку поўнамаштабнай вайны адбыліся кароткія перамовы ўкраінскіх і расійскіх бакоў. У 2017 годзе тут праходзіла нефармальная сустрэча Лукашэнкі з тагачасным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Даступу для звычайных людзей у рэзідэнцыю няма. Аляксандр Лукашэнка карыстаецца ёй толькі для сваіх амаль штогадовых вясновых паездак у Гомельскую вобласць.
Ля рэзідэнцыі пабудаваныя тры верталётныя пляцоўкі, на яе тэрыторыі размешчаны будынак-палац, каля шасці гасцявых дамоў, яшчэ адзін вялікі будынак у лесе, спартыўны комплекс, гаражы для аўтамабіляў, некалькі спускаў да вады. Усё гэта злучаюць ідэальныя асфальтаваныя дарожкі.
«Звычайны драўляны дом, які сяляне пабудавалі. Я дагэтуль у гэтым доме жыву», — распавядаў пра рэзідэнцыю Лукашэнка ў 2020 годзе.
Як высветліла «Свабода», сказаў ён гэтую фразу, калі садзіў дрэвы на ўскрайку верталётнай пляцоўкі на так званым «суботніку» паблізу той самай рэзідэнцыі ў Лясковічах.
У той жа прамове ён сам прызнаўся, што аддаваў загад тагачаснаму дырэктару нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Стэпану Бамбізу пабудаваць гэты «дом».