BE RU EN

У Пуціна знайшлі апраўданне, чаму парад 9 мая адбудзецца без тэхнікі

  • 29.04.2026, 14:22

Страхі Крамля агучыў Пяскоў.

Ваенны парад 9 мая ў Маскве адбудзецца без тэхнікі з-за так званай «актыўнасці Кіева». А таксама таму, што «год не юбілейны».

Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў.

«Кіеўскі рэжым, які штодня страчвае землі, страчвае землі на полі бою, цяпер поўнасцю разгарнуў тэрарыстычную актыўнасць. І таму на фоне, на фоне гэтай тэрарыстычнай пагрозы, вядома ж, прымаюцца ўсе захады па мінімізацыі небяспекі», - сказаў Пяскоў.

Паводле яго слоў, парад будзе, але не такі, як летась, бо тады гэта быў «юбілейны парад».

«Давайце ўсё ж не забываць, што летась гэта быў юбілейны парад. Шырокафарматны, такі, якім ён мусіць быць у круглую дату. Гэта дата не юбілейная, але парад усё роўна будзе, так, хай у скарачоным фармаце», - заявіў прадстаўнік расійскага дыктатара.

Нагадаем, як стала вядома раней, ваенны парад у Маскве 9 мая адбудзецца без традыцыйнай дэманстрацыі бранятэхнікі. Па Чырвонай плошчы пройдуць толькі пешыя калоны вайскоўцаў.

Апошнія навіны