BE RU EN

У Расіі знайшлі мёртвым чыноўніка, які адказваў за адбіранне жывёлы

  • 29.04.2026, 17:27

Супраць дзеянняў уладаў выступалі фермеры.

У Навасібірскай вобласці, дзе ў лютым–сакавіку масава адбіралі і знішчалі жывёлу, пры загадкавых абставінах памёр начальнік аддзела супрацьэпізаатычных і каранцінных мерапрыемстваў упраўлення ветэрынарыі Сяргей Тур. Пра яго смерць «Інтэрфаксу» паведаміў рэгіянальны цэнтр ветэрынарна-санітарнага забеспячэння: «Можам пацвердзіць… астатнія пытанні — да паліцыі і следчых органаў».

43-гадовага чыноўніка знайшлі застрэленым у ўласным аўтамабілі, паведамілі крыніцы «Сібірскага экспрэса» і «BFM-Навасібірск». Паводле адной з версій сілавікоў, гэта магло быць самагубства. Тур адказваў за арганізацыю каранціну і адбіранне хатняй жывёлы ў ачагах захворванняў. Незадоўга да здарэння ў дачыненні да яго аддзела пачаліся праверкі.

Пры гэтым жонка Тура заявіла, што ў яго не вытрымала сэрца: «Ён учора памёр, адмовіла сэрца. Гэта звязана з працай, наўпрост з ёй звязана. Вялікая маральная і фізічная нагрузка, вялікая адказнасць». Яна дадала, што некаторы час таму яе муж пайшоў на бальнічны. Праваахоўнікі арганізавалі праверку па факце смерці Тура.

Масавае адбіранне і знішчэнне жывёлы ў рэгіёнах Сібіры і Паволжжа пачалося ўзімку, піша The Moscow Times. Улады спасылаліся на небяспеку распаўсюджвання шаленства і пастэрэлёзу. У Навасібірскай вобласці, дзе быў уведзены рэжым НС і жорсткі каранцін з кардонамі і забаронай на перамяшчэнне, фермерам заявілі пра «найноўшую» хваробу, што распаўсюджваецца сярод жывёл, але не назвалі яе. У выніку было забіта 90,5 тыс. галоў, прамая шкода склала 1,59 млрд рублёў.

Дзеянні ўладаў справакавалі пратэсты. Фермеры таксама прыязджалі ў Маскву, каб паскардзіцца прэзідэнту Уладзіміру Путіну і ў іншыя інстанцыі, адзначаючы, што ў шэрагу выпадкаў жывёлу знішчалі без аналізаў і пры адсутнасці ўладальнікаў, а кампенсацый не хапала для пакрыцця страт.

Апошнія навіны