Арда нашага часу
- 30.04.2026, 8:38
У Расіі значна больш ад Арды, чым ад Візантыі і Рыма.
«Мінулае не мёртвае. Яно нават не мінулае». Гэта цытата з кнігі Уільяма Фолкнера мае непасрэднае дачыненне да тэмы спецпраекта «Салідарнасці».
У папярэдняй публікацыі выданне пісала пра тое, як продкі беларусаў і рускіх пайшлі рознымі шляхамі у часы Залатой Арды.
Сёння мы працягнем гэтую тэму, каб распавесці, як да ардынскай спадчыны ставяцца ў сучаснай Расіі, дзе, як аказваецца, нямалой колькасці даспадобы думка пра тое, што карані іх дзяржавы растуць з такога мінулага.
Аднак, ці мінулага? Шмат якія традыцыі Арды нашы суседзі перанялі і беражліва нясуць праз стагоддзі, вызначаючы тым самым сваю сучаснасць і, у пэўнай ступені, будучыню.
У Беларусі нікому і ў галаву не прыйдзе казаць, што мы — пераемнікі Залатой Арды. А вось у Расіі на самых розных узроўнях размова пра гэта цягнецца дагэтуль.
«Гэта — наша радзіма, а Расія — спадкаемніца Залатой Арды»
Татарскі філосаф і гісторык Рафаэль Хакімаў многія гады адстойвае ідэю, што сённяшняя Расія з’яўляецца прамой спадкаемніцай Залатой Арды.
У 2019-м, будучы дырэктарам Інстытута гісторыі імя Шыгабутдзіна Марджані Акадэміі навук Татарстана, ён даў вялікае інтэрв’ю парталу «Реальное время», прысвечанае 750-годдзю ад заснавання Залатой Арды. Прывядзём пару цытат.
У Залатой Ардзе ў рускіх пачаўся росквіт. Рускія ніколі не ваявалі супраць татараў. Вядома, нікому не можа падабацца нашэсце, але Бату-хан у асноўным проста хацеў прайсці праз нейкія землі — ён гнаў кыпчакоў, якія ішлі ў Венгрыю.
Так, папалілі некаторыя гарады, але іх было не так шмат. Ваяваць там было не з кім, таму гэта некалькі перабольшаны супраціў.
Хакімаў прызнае, што той жа Бату-хан адбіраў у рускіх княстваў харч. Але ён жа пазней вызваліў рускія землі ад падаткаў, каб хутчэй аднавіць эканоміку і атрымліваць больш даніны.
Татарскі даследчык прасоўвае версію пра руска-татарскі сімбіёз:
Паглядзіце і на рускую мову — колькі ў ёй татарскіх слоў. Расійская імперыя паўстала як сімбіёз рускіх і татараў, але з часоў Кацярыны пачаліся заходніцкія павевы — яна пачала перапісваць гісторыю.
Потым Карамзін, Ключэўскі, Салаўёў далі гісторыі зусім іншую трактоўку, а летапісы кудысьці паспяхова зніклі яшчэ пры Кацярыне (злыя языкі кажуць, што іх спалілі).
Адказваючы на абвінавачанні ў спробах татараў аддзяліцца ад РФ, гісторык падвёў рысу: «Навошта ж нам аддзяляцца ад Залатой Арды? Гэта — наша радзіма, а Расія — спадкаемніца Залатой Арды».
Рэўнасць да турэцкіх пасягненняў
Гэтыя тэзісы нельга спісаць на ангажаванае меркаванне асобнага гісторыка. Адна з галоўных крэмлёўскіх прапагандыстак Маргарыта Сіманьян нават выкарыстоўвае ў якасці дэвіза: «Арда — родная, зласлівая, твая».
А публікацыя пяцігадовай даўнасці ў штотыднёвіку «Звезда», які належыць медыяхолдынгу арміі РФ, наглядна паказвае, што бывае, калі на права спадкавання традыцый Залатой Арды пасягае нехта звонку.
Ідзе гаворка пра турэцкіх ідэолагаў, якія «усур’ёз узялі на ўзбраенне міф пра залатаардынскую спадчыну Турцыі» — «міф, разлічаны на людзей, што дрэнна вучылі ў школе гісторыю».
Аўтар публікацыі прыводзіць свае контраргументы: «Турцыя, за выключэннем некаторых усходніх раёнаў, ніколі не ўваходзіла ў склад Арды. Нават на правах васала».
І робіць выснову, што Расію будавалі не толькі славяне:
Нават калі ўзяць паход Івана Грознага на Казань, то не менш за траціну яго войска складалі ваяры-цюркі з ліку касімаўскіх татараў, нагайцаў і нават казанскіх татараў… Пералік людзей, што пакінулі яскравы след у расійскай гісторыі і маюць цюркскія карані, зойме некалькі старонак.
У Расіі значна больш ад Арды, чым ад Візантыі і Рыма
Тэму добра рэзюмаваў доктар гістарычных навук Іскандэр Ізмайлаў у артыкуле для БИЗНЕС Online:
«Доўгі час расійская гістарыяграфія спрабавала даказаць, што руская дзяржава вядзе сваё паходжанне ад Кіеўскай Русі, але насамрэч гэта палітычны міф, які быў выпрацаваны ў эпоху Івана IV, калі стваралася ідэалогія Маскоўскага царства.
Насамрэч вельмі многія ваенна-палітычныя рэаліі гэтага царства паходзілі з татарскай мінуўшчыны. І ў гэтым сэнсе руская дзяржава, а затым і Расійская імперыя — гэта спадкаемніца менавіта Залатой Арды.
Толькі еўропацэнтрычная палітыка, якая пачалася з эпохі Пятра I, перапыніла гэтае арганічнае еўразійскае развіццё Расіі, сілай звонку еўрапеізаваўшы краіну, зрабіўшы з яе «пацёмкінскую вёску», дзе расійскі імператар быў і заставаўся адзіным еўрапейцам.
У гэтай сувязі думаецца, што гісторыя Расіі яшчэ не атрымала сур’ёзнага асэнсавання як цэласны працэс, як спалучэнне розных імперскіх праектаў. Але ў любым выпадку ў ёй значна больш ад Залатой Арды, чым ад праваслаўнай Візантыі і каталіцкага Рыма».
Паміж Захадам і Ардой
І слова Уладзіміру Путіну. У 2023-м крэмлёўскі кіраўнік выклаў сваю версію, чаму Арда для Расіі пераважнейшая за Еўропу:
«Аляксандр Неўскі ездзіў у Арду, кланяўся ардынскім ханам. У тым ліку дзеля таго, каб супрацьстаяць нашэсцю Захаду.
Ардынцы паводзілі сябе нахабна, жорстка. Але яны не закраналі нашай мовы, культуры, традыцый, на што прэтэндавалі заходнія заваёўнікі. Калі разбураюцца культура і традыцыі народа, то народ пачынае растварацца як этнас. Як снег позняй вясной».
І гэтымі словамі Пуцін выявіў сябе як надзвычай непаспяховы вучань тых жа ардынцаў. Бо пад ягоным кіраўніцтвам сённяшняя Расія робіць усё тое, што гаспадар Крамля прыпісвае заходнім заваёўнікам, літаральна даслоўна.
І беларусы не ў адным сваім пакаленні маглі ў гэтым пераканацца.