Катастрофа для Крамля
- Ігар Семіволос
- 30.04.2026, 11:05
Што азначае выхад ААЭ з картэля АПЕК.
Адкрыта кажучы, я не вельмі люблю пісаць на чыста эканамічныя тэмы, паколькі не заўсёды адчуваю сябе ў іх дастаткова ўпэўнена. Аднак выхад ААЭ з АПЕК мае значна шырэйшы геапалітычны кантэкст, які выходзіць за межы нафтавых каціровак, таму гэта падзея вартая комплекснай ацэнкі.
Ітак, ААЭ афіцыйна абвясцілі, што з 1 мая яны выходзяць з АПЕК. Гэтае рашэнне, хутчэй за ўсё, з'яўляецца незваротным, бо яно адпавядае інстытуцыйнай логіцы даўгатэрміновай стратэгічнай і эканамічнай Канцэпцыі 2030 і мэтам кампаніі ADNOC дасягнуць здабычы ў 5 млн барэляў у суткі да 2027 года. Гэты курс не залежыць ад аднаго чалавека, а з'яўляецца практычна кансэнсусным у рамках федэрацыі сямі эміратаў.
Гэта рашэнне таксама звязваюць з хранічнай напружанасцю ў адносінах з Саудаўскай Аравіяй. Гадамі ААЭ лічылі свае квоты несправядлівымі — яны значна нарошчвалі вытворчую магутнасць (да 4,85 млн барэляў у суткі), але АПЕК дазваляла ім здабываць значна менш.
Уявіце, што ў вас ёсць завод на поўную магутнасць, але вам дазваляюць выкарыстоўваць толькі 70% — і плаціць за гэта абмежаванне рэпутацыйнымі ўступкамі.
Ёсць яшчэ адзін парадокс, які ўзмацняе логіку выхаду: Іран — член той жа АПЕК — сваімі атакамі фактычна знізіў здабычу ААЭ на 44%. Арганізацыя, унутры якой адзін член бамбіць другога, ужо не з'яўляецца картэлем — гэта фікцыя салідарнасці.
Якія наступствы гэта будзе мець для АПЕК і АПЕК+?
Саудаўская Аравія пакуль маўчыць, але для Эр-Рыяда гэта адчувальны ўдар. ААЭ былі не проста саюзнікам, а адзіным пасля Каралеўства Саудаўская Аравія (КСА) членам картэля з рэальным рэзервовым патэнцыялам. Раней гэтыя дзве краіны разам утрымлівалі «нафтавы шчыт» у 4 млн барэляў у суткі, які дазваляў стабілізаваць рынак. Цяпер гэты інструмент раскалоўся: Саудаўская Аравія засталася сам-насам з цяжарам цэнавай стабільнасці, а сусветны рынак страціў свой ключавы засцерагальнік.
Для Эр-Рыяда гэта яшчэ і асабісты ўдар. ААЭ не кансультаваліся з КСА перад выхадам, што само па сабе з'яўляецца дыпламатычнай абразай. На фоне канфліктаў вакол Емена і Самаліленда адносіны паміж спадчынным прынцам Саудаўскай Аравіі Мухамадам бін Салманам і прэзідэнтам ААЭ Мухамадам бін Зайдам цяпер самыя халодныя за многія гады.
Нягледзячы на крыўду, Саудаўская Аравія пазбаўлена магчымасці для манеўру: любая агрэсіўная адплата толькі паскорыць канчатковы распад картэля. Абу-Дабі абраў ідэальны момант — на фоне вайны ў Заліве і закрыцця Армузскага праліва, што і так часова абваліла іх здабычу на 44%, гэты выхад выглядае менш драматычна.
Аднак як толькі праліў адкрыецца, ААЭ пачнуць павялічваць здабычу ўжо без усялякіх абмежаванняў. Гэта стварае небяспечны прэцэдэнт: да выхаду ўжо прыглядваюцца Казахстан, Нігерыя і Венесуэла. Асабліва Казахстан, які і так хранічна ігнаруе квоты. Для Крамля ж гэты парад суверэнітэтаў з'яўляецца катастрафічным — з распадам АПЕК+ Масква губляе свой апошні рычаг уплыву на сусветны нафтавы рынак.
Ёсць яшчэ адно недаацэненае вымярэнне — кітайскае. Кітай з'яўляецца найбуйнейшым пакупніком нафты ў рэгіёне. Свабодная ад квот здабыча ААЭ азначае прамую канкурэнцыю з расійскай нафтай менавіта на кітайскім рынку, дзе Масква і так прадае сыравіну са зніжкай. Больш эмірацкай нафты ў Азіі азначае меней прасторы для расійскага нафтавога дэмпінгу.
Ці паўплывае гэта нейкім чынам на Украіну?
Патэнцыйна так — пасля завяршэння вайны ў Заліве і адкрыцця Армузскага праліва. Выхад ААЭ з АПЕК не змяняе нічога непасрэдна на фронце. Але як частка больш шырокай карціны ён можа знізіць нафтавыя цэны і паменшыць расійскія рэсурсы ў сярэднетэрміновай перспектыве. Галоўная каштоўнасць гэтай падзеі для Украіны — не ў самім факце выхаду ААЭ, а ў тым, што ён запускае ланцуговую рэакцыю, спыніць якую КСА ўжо не ў стане.
Ігар Семіволос, «Фэйсбук»