Двум беларусам забаранілі траціць уласныя пэнсію і заробак
- 30.04.2026, 21:17
Чаму?
У Бялыніцкім раёне двум беларусам забаранілі самастойна распараджацца сваімі даходамі, паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Калі быць больш дакладна, двое мужчын не змогуць траціць заробак і пэнсію.
Ім дазволілі здзяйсняць толькі дробныя бытавыя здзелкі.
У Беларусі суды могуць абмежаваць дзеяздольнасць тых, хто злоўжывае алькаголем, наркотыкамі і г.д.
Аналагічная сітуацыя адбылася з 71-гадовым жыхаром Бялыніч. Прыблізна 20 гадоў у мужчыны праблемы са спіртнымі напоямі.
«Усе атрыманыя даходы, у тым ліку пэнсію, мужчына траціў на набыццё алькаголю. Матэрыяльнай дапамогі сям’і не аказваў, у нясенні выдаткаў па доме не ўдзельнічаў — тым самым ставіў сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча», — адзначылі ў пракуратуры.
Таму пракурор накіраваў у суд заяву аб прызнанні пенсіянера абмежавана дзеяздольным.
Яшчэ адзін выпадак, звязаны з алькаголем, здарыўся з 43-гадовым мужчынам.
Ён жыў са сваёй маці і ўсё, што зарабляў, траціў на спіртное.
«На гэтай глебе ўзнікалі сямейныя скандалы — мясцовы жыхар неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, разглядаўся на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку», — ахарактарызавалі мужчыну ў пракуратуры.
З улікам усяго гэтага суд абмежаваў і яго дзеяздольнасць.
Цяпер беларусам дазволена здзяйсняць толькі дробныя бытавыя здзелкі.
Усё астатняе (у тым ліку атрымліваць заробак, пэнсію, іншыя даходы і распараджацца імі) — толькі са згоды папячыцеля.