BE RU EN

«Ногі выціраюць, паперкі ў урны кідаюць»: расіянку шакіравала Беларусь

  • 1.05.2026, 7:51

У каментарыях разгарэліся сапраўдныя баталіі.

Выкладчыца англійскай з Расіі Анастасія Мазурская прыехала ў Беларусь і падзялілася ў Threads сваімі назіраннямі пра адрозненні мясцовых жыхароў ад расіян. Сярод таго, што яе ўразіла, — «няправільная» пастаноўка націску і «дзіўнае» выкарыстанне крышкі ад унітаза. Каментатары не змаглі прайсці міма — пад пастом разгарэліся сапраўдныя баталіі, піша «Зеркало».

Як распавяла Анастасія, яна ў Беларусі ўжо тры тыдні і за гэты час заўважыла «некалькі адрозненняў».

«Беларусы часта няправільна ставяць націскі (яны кажуць водУ, родІла, спінУ). Шмат хто з тых, у каго я пыталася, не ведае пра тварожную пасху. П'юць ваду з-пад крана і лічаць, што гэта нармальна. Гэта дзіўна, але чамусьці ўсюды апускаюць крышку ад унітаза (вось такое цудоўнае назіранне)», — напісала яна.

Таксама, паводле слоў жанчыны, яна чула ад беларусаў, што «russian people (расіяне. — Заўв. рэд.) вельмі злыя». У канцы Анастасія спытала ў аўдыторыі: «Чым, як вам здаецца, беларусы адрозніваюцца ад russian people?»

Усяго за суткі пост расіянкі паглядзелі 170 тысяч разоў. Каментарыяў пад ім таксама нямала. Пры гэтым, калі арыгінальны пост адзначылі лайкам менш за 200 чалавек, адказы расіянцы (часта неадобральныя) набіраюць тысячы рэакцый.

Хтосьці адказваў па сутнасці — каментаваў змест паста жанчыны. Напрыклад, частка людзей тлумачылі Анастасіі, што не так з яе назіраннямі, і распавядалі пра іншыя адрозненні.

«1. Гэта абумоўлена роднай беларускай мовай, таму націскі могуць быць рознымі. 2. Тварожная пасха проста не распаўсюджаная. 3. Ваду з-пад крана ў нас можна піць. 4. Крышка абараняе ад распаўсюджвання мачы і фекалій у памяшканні».

«Беларусы проста іншыя. Бо мы іншая краіна і іншая нацыя. І адрозненняў сапраўды вельмі шмат».

«Ногі выціраюць, паперкі ў урны кідаюць, пераходзяць вуліцу на зялёны. Шмат адрозненняў. Свет цудоўны ў сваёй разнастайнасці».

«Паслухайце, у Беларусі ёсць уласная мова. І вось гэтыя, як вам здаецца, няправільныя націскі — гэта яе ўплыў. Па-другое, руская мова ў Беларусі адрозніваецца ад той, што ў Расіі. Так жа, як англійская ў Новай Зеландыі, Брытаніі і Амерыцы не ідэнтычная. І гэта нармальна. А па-трэцяе, руская і ў Расіі ў кожным рэгіёне можа адрознівацца. Ёсць такое паняцце — рэгіяналізм. І па-чацвёртае, неяк няветліва такое пісаць на ўсеагульны агляд. Нядзіўна, што беларусы незадаволеныя гасцямі з РФ».

«Дык у нас вада артэзіянская па ўсім Мінску, чаго яе не піць?»

Асобна людзей зачапіла здзіўленне Анастасіі функцыянальнасцю крышкі ўнітаза.

«Інсайт пра тое, што крышкай унітаза, аказваецца, можна карыстацца, ужо кажа пра тое, што паездка прайшла не дарма».

«А ў вас у Расіі крышка ўнітаза — гэта дэкаратыўны элемент?»

Частка каментароў (і яны аказваліся найбольш папулярнымі) — эмацыйная рэакцыя на падобныя пасты турыстаў з суседняй краіны.

«Настэнька, ты ўжо загасцілася ў Беларусі. Пара і гонар ведаць: адчальваць да сябе на балоты. Там і крышку ўнітаза апускаць не трэба з-за адсутнасці ўнітазаў у дамах у большасці насельніцтва, і борматуху можна замест вады піць. І гэта… не прыязджай да нас больш і сваім перадай, каб не ехалі».

«Мы кажам не russian people, а «хай чорт у хату лезе, абы не маскаль», і я лічу, што гэта цудоўна».

«Мы не захопліваем чужыя землі і не забіваем сваіх суседзяў: думаю, гэта наша галоўнае адрозненне. І яшчэ: не вучыце нас, дзе ставіць націск, а то падумаеце, што мы ўціскаем правы рускамоўных, і прыйдзеце іх вызваляць…»

Апошнія навіны